Нататкі з Эразмусу: На валізках

  • 01.05.2016
  • Блог
  • Здымак аўтаркі

na valizkach

Мой падарожны тыдзень пачаўся з кароткага трыпу да Вены. Гэта нават і падарожжам не назавеш – ехалі на турыстычную практыку, каб прымяніць свае веды і пабыць трохі экскурсаводамі. Шчыра кажучы, гэта сітуацыя паставіла перада мною новую планку. Адно – выступаць перад аўдыторыяй, другое – ісці кудысьці і яшчэ адначасова штосьці апавядаць. Ды і ноч у бусе неяк зусім не дапамагала. Дапамаглі Рэд Бул (не рэклама!), усмешка на твары і нейкая ўпэўненасць у сваіх сілах.

Poszlo tak niezle (атрымалася добра), як бы адказаў паляк на пытанне аб уражаннях. Я не збіраюся далей працаваць у гэтай галіне, але навыкі, атрыманыя падчас навучання, дапамогуць у звычайным жыцці.

У Вене трэба правесці як мінімум тыдзень, каб поўна насалодзіцца атмасферай гораду. Вена вабіць пахамі выпёкаў, кавы, кветак; прыгожымі відамі Шонбруну і Катэдры св. Стэфана. Гуляючы па Вене, напруга унутры знікае, з’яўляецца супакой і чысты розум. З надвор’ем пашанцавала 50/50 – было сонечна, але дзьмуў халодны красавіцкі вецер.

Ужо вяртаючыся ў Познань, я назірала за маляўнічымі відамі маленькіх вёсак і шырокіх палёў. Дзіўна, было толькі 8 гадзін увечары, але на вуліцах не было нікога.

Вярнулася з Вены. Прыехалі вельмі рана, нават раней, чым запланавана. Але ўжо пачалі хадзіць трамваі, і я вырашыла дачакацца свайго. Пачало світаць, хутка сонейка вышла. Маё ўлюбленае пачуцце – быць на світанні, адчуваць, што пры табе зараждаецца новы дзень. У такія моманты адчуваеш сябе саўдзельнікам нейкай таямніцы. Дабралася да інтэрнату і літаральна адключылася.

Сёння незвычайны дзень. Сёння – апошні дзень перад вялікімі майскімі выходнымі, вакзал проста перапоўнены, паязды на Шчэцін як заўсёды спазняюцца. І сёння я выехала да новай кропкі на мапе – да Гданьску.

Была там шэсць гадоў таму, спадзяюся адкрыць яго з новага боку і адпачыць перад складаным месяцам – першыя заняткі па дайвінгу ў возеры, падарожжа да Рыму і ўласны Дзень Народзінаў.

Калі я была падлеткам, я марыла пра падарожжы. Такія падарожжы, дзе проста хутка збіраеш валізку, букаеш хостэл і едзеш. Едзеш, каб даследваць мясціну і горад, абапіраючыся на ўласныя жаданні і пачуцці.

Пачуцце wanderlust – самае істотнае і самае карыснае на Эразмусе.