Нататкі з Эразмусу: “Тыдзень да Дня народзінаў, а я ў Рыме!”
- 19.05.2016
- Блог
- Здымкі аўтара
“Вечны горад” неверагодна прываблівае і стамляе адначасова. Я далёка не фанат паўднёвых гарадоў, але вырашыла, што Рым трэба наведаць, калі ёсць такая магчымасць. І не пашкадавала.
За гэтыя некалькі дзён я вывела для сябе формулу ідэальнага падарожжа. Бяром турыстычныя месцы, перамешваем іх з абсалютна нетурыстычнымі (маленькія вуліцы, утульныя кавярні, кропкі з сапраўдным італьянскім марозівам), дадаем чароўную Остыю, пляж з моцным ветрам і марскімі хвалямі ледзь зелёнага колеру – і атрымліваюцца цудоўныя рымскія вакацыі!
Кожная кропка на мапе – Калізей, Ватыкан, Пантэон – вельмі уражвае. Як толькі ты гэта бачыш жыўцом, твой мозг не можа справіцца з думкамі кшталту: “Сапраўды?! Мне не прымроілася?!” Тое, што траплялася на здымках, тое, што я чула ад сяброў і родных – усё не супадае з тваім уласным уражаннем. Падаецца, што гэтыя велічныя постаці мінулага выстаялі нягледзячы ні на што, нават з нейкай пагардай. У Рыме можна патануць у моры людзей, сустрэць амаль усе нацыянальнасці. Пасля невялічкай Познані гэта ўсё здзіўляе. Але потым… цябе цягне крочыць яшчэ і яшчэ.
Італія не была б сапраўднай Італіяй без яе ежы і дэлікатэсаў. Паспрабавала сапраўдную пасту, різота, марозіва… Памідоры с соусам песта, вельмі смачныя выпекі, рыба, якую ніколі не спрабавала! Хто зараз галодны і чытае мой пост – шчыра прашу прабачэння! Аднак сёння, ідучы з крамы, знянацку захацелася бульбы з укропам, кефіру, дранікаў – штосьці вось такога хатняга!
Але вакацыі-вакацыямі, але канец семестра ужо блізка. Мінус актыўных вандровак – назбіралася шмат пісьмовых прац, тэстаў і прэзентацый. Мяне гэта не так нярвуе, як у першым семестры – ведаю, што змагу ўсё напісаць і абараніць. Сапраўды, гэты год Эразмуса даў натхнення і веры ў свае сілы. Веры ў тое, што ты сапраўды можаш, толькі патрэбна трохі болей упартасці, сумлення, жадання! Эразмус стаў для мяне паваротам у жыцці. Я цяпер бясконца веру, што ўсё магчыма дасягнуць.
За гэты год я стала больш адказнай і сур’ёзнай. Аднак і лягчэй пачала ставіцца да сябе і людзей, менш распякаць сябе за памылкі.
І яшчэ – я скончыла практычны курс дайвінгу! Для мяне гэта было сапраўдным выпрабаваннем – як і фізічным, так і маральным. Усё абсталяванне важыць прыкладна 30-35 кілаграмаў, трэба даваць максімум канцэнтрацыі на тое, што ты робіш тут і цяпер. Але гэта сапраўды дробязі, калі табе адкрываецца неверагодны свет пад вадой – рыбкі, пейзажы быццам з іншай планеты. Павольна дыхаючы ў рэгулятар, ты канцэнтруешся на сваіх пачуццях. Што яшчэ важна – ты не мусіш забываць пра сваіх напарнікаў, бо ў першую чаргу гэта пытанне бяспекі.
Глядзела свае фатаграфіі, якія зрабіла за гэты год. Такога адчування, што “вось і год прайшоў” няма. Падаецца, што я толькі-толькі прыехала ў Познань – трохі разгубленая, але ўжо з мэтамі і марамі.
Чэрвень – месяц іспытаў, вялікай вандроўкі і падрыхтоўкі да вяртання дадому.
Да пабачэння і поспехаў на іспытах!