Нататкі з Эразмусу ў Познані: Coraz blizej swieta, падарожжа кожных два тыдні, новыя перспектывы
- 25.12.2015
- Блог
- Здымкі аўтара
Прывітанне!
Гэтыя нататкі я пішу за колькі дзён да Божага Нараджэння. Цяжка ўявіць, але я ўжо тры месяцы ў Познані. Падаецца, што толькі тыдзень таму прыехала – разгубленая, але вельмі задаволеная. За гэты месяц я паспела шмат павандраваць, cпазнаць Нямеччыну і пакаштаваць глінтвейну на старажытным кірмашы.
Вучоба
Заняткі сапраўды цікавыя. Узровень выкладання тут значна вышэйшы. Да студэнтаў ставяцца з павагай – хочацца ў адказ ставіцца так сама. Планую ў лютым узяць дадатковыя курсы нямецкай – адчуваю, што магу вывучыць больш. Таксама на наступны семестр наглядзела некалькі цікавых курсаў па ангельскай мове. Напрыклад, як вам назва “Прэзентацыі па-ангельску з высокім гумарам”? У апісанні курсу значыцца, што пасля сканчэння студэнт будзе здольны праводзіць прэзентацыі так, каб ніхто не сумаваў.
Таксама з наступанага семестру пачнецца практычны курс падводнага турызму, то бок дайвінг! Вельмі і вельмі чакаю, бо гэта мая мара яшчэ з дзяцінства.
Буду ўпершыню пісаць эсэ… Пакуль святы не скончацца, нават не буду думаць пра гэта. Жадаю зрабіць яго, як трэба: усё навокал натхняе на тое, каб атрымалася. Трэба яшчэ багата прачытаць па ангельскай літаратуры. Трохі цяжкавата, але важна пераадольваць сябе.
З незвычайнага. Рабіла прэзентацыю па падводным турызме. Апынулася, што ў Беларусі ёсць шмат месцаў, дзе можна паплаваць з аквалангам! Яшчэ неабходна было крыху распавесці пра сваю краіну. Шчыра кажучы, вопыт у гэтым ужо такі, што магу зымправізаваць прэзентацыю без аніякай падрыхтоўкі.
Настаўніцкая практыка
Усе мае прыгоды пачынаюцца са слоў: “Чаму б і не?” Вось так было і з настаўніцкай практыкай.
Спачатку я не вельмі хацела. Нават болей – адмовілася. Але потым выпадкова трапіла туды. Вырашыла – гэта іншая краіна, іншыя людзі, умовы. Калі я змагу яшчэ прайсці практыку ў польскай школе?
Усе пачалося з ліста ад нашага каардынатара, пана Якуба. Ён даслаў яго расклад і папрасіў прывезці паперу з універсітэта (пра яе я распавядала у мінулай частцы).
Першы дзень практыкі быў запамінальны. Памятаю, калі падыходзіла да школы, дзе мы мусілі праходзіць практыку, узнікла думка: “Назад шляху няма. Трэба сябе пераадольваць”. Адчыніліся дзверы – і я апынуліся ў іншым вымярэнні.
Цёпла, утульна. Ва усіх пакоях праектары і кампутары, якімі карыстаюцца не час ад часу, а кожныя заняткі. І самі студэнты – школьнікамі я не магу іх назваць – вельмі сур’ёзныя, але часам такія дзеткі:) Успомніліся часы свайго 11 класа, усе было трохі інакш.
Што мы там рабілі?
Назіралі.
Спачатку на нас звярталі шмат увагі. З’явіліся тут, з усходу, штосьці крэмзаюць у нататнічках… Але потым прызвычаіліся.
І мы таксама. Запісала шмат цікавых рэчаў, спадзяюся, што гэта ўсе спатрэбіцца для маёй практыкі дома. Напрыклад, тут лічыцца нармальным выкарыстоўваць музычныя творы, відэа з Ютубу як прыклады. Наша практыка была па панядзелках і пятніцах. У пятніцу звычайна напрыканцы ўроку пан Якуб ладзіў нешта вясёленькае – спявалі разам ці вывучалі ідыёмы, то бок трохі разгружалі мозг.
Але нас чакала яшчэ і прэзентацыя пра сваю краіну. Разам з Кацяй доўга праседзелі над ёю, імкнуліся зрабіць даклад нагодай для пытанняў. Вядома, уключылі пытанні, які “набалелі” (патлумачылі, што мы Беларусь, а не Белараша). Спачатку рабілі рэфлексію: хто што ведае пра Беларусь? У асноўным адказы – сусед на Ўсходзе, сталіца – горад Мінск, плюс у нас аўтарытарны рэжым. Дыскусіі былі, і яшчэ якія! Памятаю, як адна дзяўчына запыталася: “Чаму вы паказваеце ўсё толькі прыгожае? У вас там вёскі не ў вельмі добрым стане”. Я нават не знайшла, што і адказаць.
Зараз чакаю паперу, якая падцвердзіць праходжанне практыкі ў Польшчы. І ўжо прадчуваю практыку ў Беларусі, цікава будзе параўнаць.
Вандроўкі
З пачатку лістапада да сярэдзіны снежня кожныя два тыдні я выпраўлялася падарожнічаць. Менавіта ў гэтыя дні горад для мяне раскрываўся з іншага боку. Чатыры гадзіны раніцы, шмат хто яшчэ вяртаецца з вечарыны, а у цябе заплечнік і невялікая стомленасць ад працоўнага тыдня і недахопу сну. Усе вандроўкі здорава падвышаюць твой скіл самаарганізацыі – адразу пралічваеш, колькі грошай патрэбна, што ўзяць з сабой. Памятаю, калі падарожнічала па Германіі, то ўлічыла вопыт маіх знаёмых і захапіла трохі ежы з сабою, вельмі дапамагло.
Першая вандроўка – разам з ЕСН, Кракаў-Вялічка-Закапане-Асвенцым. Шчыра кажучы, гэта было ва ўсіх адносінах змаганнем. Кракаў адкрыўся для мяне з іншага боку, Вялічка наогул апынулася “космасам”, бо я памятаю ян зусім іншай.
Закапане… Не думала, што будзе так цяжка ўзыходзіць наверх. І вось тады пачынаеш разумець, што словы “групавая падтрымка” – не пустыя. Мы сапраўды падтрымлівалі адзін аднаго. Ідзеш, слухаеш, як пра штосьці сваё размаўляюць італьянцы, дзесьці глыбока ў мазгу адбіваецца думка: “У мяне мокрая наскрозь майка”; не здымаючы заплечніка, дастаеш бутэльку вады. Усе дзеянні, такія простыя ўнізе, становяццца неверагодна складанымі.
Падчас падарожжаў добра спазнаеш сваю кампанію, бо розныя выклікі прымушаюць людзей шчыра на гэта рэагаваць. Падчас вандроўкі пазнаёмілася з выдатнымі дзяўчатамі з Францыі і Нямеччыны, а з дзяўчынай з Арменіі я дагэтуль падтрымліваю кантакт, бо ж вельмі цікавая асоба.
Потым быў Берлін, які пакінуў мяне ў вельмі дзіўным стане. Так, горад у Нямеччыне, сталіца… Але штосьці выбіваецца са звычайнага парадку. Гэтыя два дні змяшаліся ў цудоўны мікс з непальскай кухні, святочных кірмашоў, ціхага метро, пераменлівага надвор’я, цудоўных сяброў, мітынгаў… Я спадзяюся, што змагу вярнуцца ў Берлін, на гэты раз увесну.
У Дрэздэне мы пабылі толькі суткі, але атрымалі сапраўдную асалоду ад гэтага дня! Гістарычны цэнтр, такі утульны і жывы. Кірмашы, якія дражняць цябе пахам вюрсту і глінтвейну. Цвінгер, вячэрні выгляд мосту праз Эльбу… І зноў жаданне вярнуцца.
Лірычнае адступленне
Святочная ліхаманка захапіла Познань. Горад упрыгожылі ўжо за месяц да святаў, кожная крама заклікае да сябе зніжкамі, а па выходных у гандлёвых цэнтрах цяжка разысціся – шмат людзей набывае калядныя падарункі.
На калядныя вакацыі вырашыла вярнуцца дадому. Гэтыя тры месяцы сталі для мяне сапраўдным выпрабаваннем. Я не думала, што так буду сумаваць па родных! Мая валізка гэта падцвердзіць – палову займаюць падарункі і розныя прысмакі.
Вынікі
Гэтыя тры месяцы далі мне нават болей, чым тры гады адукацыі ва ўніверы. Сапраўды: выйсці са сваёй зоны камфорту цяжка і страшна, але потым атрымліваеш неверагодную асалоду.
Жадаю усім чытачам знайсці свой шлях, сваю стыпендыю і ў наступным годзе змяніць свае жыцце!
Алена