Нататкі з Эразмусу ў Познані: нязвыкла цёплая восень, новае жыццё

  • Час чытання: 5 хвілін
  • 18.11.2015
  • Блог
  • Здымкі: Алена Васількова

Два месяцы праляцелі вельмі хутка, амаль непрыкметна. Заняткі, трэніроўкі, вечарыны, падарожжы – усё гэта не давала мне сумаваць.

За гэты месяц шмат чаго цікавага адбылося. Я зняла свае ружовыя акуляры турыста і цяпер па-іншаму гляджу на горад, універсітэт і людзей навокал. Два месяцы – у пэўным сэнсе крытычны тэрмін: ты ужо ведаеш людзей навокал, і людзі таксама пазнаюць цябе з розных бакоў. Ужо за два месяцы можна прыкмеціць, як змяняюцца твае погляды і ты сама.

IMG_0948

Не ўсе суседзі аднолькава карысныя

Я зразумела, што добрая суседка па пакоі – гэта не пустыя словы. У адзін панядзелак я вярнулася ў інтэрнат ўвечары, прыгатавала вячэру як звычайна, потым пайшла да сваёй сяброўкі з ідэяй, што нам тэрмінова трэба рабіць дранікі. Размаўляючы пра тое-сеё, я зразумела, што ўвесь час скарджуся на суседку. І Тоня (так завуць маю сяброўку) прамовіла, як адрэзала: «Пераязджай»!

Шчыра кажучы, чалавек я вельмі цярплівы. Усе праблемы з камунікацыяй паміж мной і суседкай (Ланай) я спісвала на тое, што гэта яе першае падарожжа за мяжу. Яна раней з такім не сутыкалася, трэба проста даць ёй час. Я сапраўды была ветлівай і імкнулася дапамагчы. Але што цікава – ніколі, НІКОЛІ яна не была ўдзячнай. Я дапамагала ёй наладжваць комп, перавесці грошы ў Грузію, бо яна не размаўляе па-польску, а па ангельску не так добра; словам, ніколі ў дапамозе не адмаўляла.  Але часам яна проста мяне ігнаравала – размаўляла доўга па скайпе, часамі не карыстаючыся навушнікамі, не палічыла патрэбным мяне папярэдзіць, што будзе у нашым пакоі святкаваць свой Дзень народзінаў (для мяне было сюрпрызам пабачыць свае рэчы на ложку, сталы пасярэдзіне пакою), забывалася на прадукты ў лядоўні, якія потым неапетытна пахлі, пра прыборку агульнай ваннай яна нават чуць не жадала. Ківала галавой, маўляў, я ўсё зраблю, а насамрэч усё заставалася ў мінулым стане. Пры гэтым я казала: “Калі табе штосьці не падабаецца, давай паразмаўляем”. Але ўсё адно.

Наступіў той момант, калі я зразумела, што трэба тэрмінова мяняць пакой. Узровень раздражнення быў вельмі высокі, я была на нервах увесь час. Апошняй кропляй стала наступная гісторыя.

IMG_0747

Мы разам праходзім настаўніцкую практыку. Для гэтага нам патрэбна папера ад універу (ад Моўнай Школы Універсітэта, калі быць дакладнай), дзе кіраўніцтва просіць дазволу на гэтую практыку. Я і мая аднакурсніца Каця гэтую паперку даўно забралі і аднеслі. Да Ланы толькі праз тры тыдні дайшло, што трэба неяк рухацца. Да гэтага я ёй патлумачыла, як і дзе гэта зрабіць. Лана сказала, што ўсё зразумела. І зараз ізноў аднолькавыя пытанні! Я кажу, што  ўжо растлумачыла і што ў лісце ад нашага каардынатара ёсць неабходная інфа. Потым без усялякіх папярэджванняў Лана пытаецца: “Ты паедзеш са мной? Бо я не ведаю, дзе гэты будынак ”. І вось тут мяне панясло. Дзяўчына старэйшая за мяне на два гады, а патрабуе да сябе адносінаў як да дзіцяці! Вельмі цвёрда я адказала: “Гэта твая праблема, не мая. Я растлумачыла табе, як туды дабрацца”.  Вядома, яна на мяне пакрыўдзілася.

Увечары наш агульны сябра святкаваў Дзень народзінаў. Я сутыкнулася  з Ланай на калідоры, калі вярнулася з трэніроўкі. Потым высветлілася, што мяне ніхто не запрашаў, хоць я і ведала, што з Георгіям у мяне ніякіх праблем няма. Высветлілася, што Лана мусіла мяне пазваць, але з-за крыўды, напэўна, гэтага не зрабіла.

L7N0oDfmL4M

Працэдура пераезду прайшла вельмі хутка. У аўторак завітала да адміністрацыі з пытаннем, ці магу я змяніць пакой. Мне зрабілі спіс пакояў, дзе жыве адзін чалавек і прапанавалі паглядзець. Я выбрала другі па чарзе і адразу пайшла туды. І менавіта гэты пакой я абрала. Маю суседку завуць Аўгуста, яна з Італіі, вывучае тут права, прыехала толькі на семестр. Мы адразу дамовіліся пра колькасць “сеансаў чысціні”, падзел абавязкаў і неяк адразу добра пачалі камунікаваць.

Універсітэт Квэстаў, ці як спісы дапамагаюць жыць

Я навучаюся на праграме Mediterranean Studies, ці “Гісторыя Міжземнамор’я”. Вядома, вы можаце быць здзіўленыя: якое дачыненне мае хатні факультэт і мая спецыяльнасць (замежныя мовы) да гэтага?

Самае непасрэднае.

Мы вывучаем розныя дысцыпліны, але ўсе яны круццяца каля аднаго – гісторыі антычнага свету. Назвы дысцыплін – як цаглінкі, з іх дапамогай будуецца асэнсаванне культурнай сітуацыі. І, вядома, усё навучанне вядзецца па-ангельску. Лічу гэта добрай практыкай, бо засвойваеш акадэмічны ангельскі. Але часам узровень мовы выкладчыкаў трохі расчароўвае. Памятаю прадмет “Падарожжы па Грэцыі і Італіі як літаратурны матыў”. На гэты курс ходзіць не так шмат людзей. Наша выкладчыца, ужо немаладая жанчына, вельмі стараецца, але часам моцны акцэнт замінае. Пасля першай лекцыі адна з маіх аднагрупніц запыталася, ці мажліва атрымаць раздрукоўку лекцый, бо мы не вельмі разумелі, пра што яна распавядала. Я з цяжкасцю ўяўляю сабе такое ў Беларусі.

IMG_1208

Расклад я сабе зрабіла зусім нескладаны, таму вырашыла дабраць дысцыплін. Узяла яшчэ нямецкую мову, гісторыю брытанскай літаратуры і гісторыю ангельскай мовы. Гэтыя прадметы выкладаюцца ў мяне на факультэце. Цікава параўнаць, як гэта робяць у нас і тут.

Але каб трапіць на гэтыя прадметы, трэба пастарацца. Некалькі тыдняў я перапісвалася с каардынатарам факультэта, каб яна мяне зарэгістравала на дысцыпліны ва ўніверсітэцкай сістэме. USOS – так яна называецца – уключае ўсю інфармацыю пра студэнта: адзнакі, даты іспытаў, спісы прадметаў, на якія можна зарэгістравацца.  Памятаю, што пісала спісы тых людзей, з якімі мне патрэбна звязацца.

Потым  яшчэ мяне чакаў квэст з MOОDLE. У нашым універсітэце карыстаюцца гэтай сістэмай, але мне ніколі не давялося. Пісала, каб мяне зарэгістравалі.

IMG_1209

Як можна зразумець, уся камунікацыя ажыцяўляецца праз электронныя лісты. І гэта дапамагае атрымаць досвед у афіцыйным ліставанні.

Пасля месяцу заняткаў склалася пэўнае ўражанне наконт сістэмы адукацыі. Пасля беларускай “абавязалаўкі” тут значна лягчэй. Ты сама сабе спадарыня – выбіраеш, што хочаш. Адносіны “студэнт-выкладчык” тут менш фармальныя – можна і пажартаваць на занятках, асабліва пра дэканат. Часта ўжываюць прыклады з жыцця – розныя фільмы, кнігі, якія зараз папулярныя. Амаль заўсёды выкарыстоўваецца праектар  – наогул, тут культура прэзентацый трохі іншая. Ніколі, ніколі не пабачыш счытвання са слайду.

Хэлоўін, ці бавім вольны час

Памерці праз адсутнасць цікавых мерапрыемстваў у вас пры ўсім жаданні не атрымаецца! Кожны вечар ладзіцца штосьці цікавае – канцэрт ці вечарына. Звычайна я хаджу патусіць у чацвер, бо ў чацвер болей адчуваецца подых выходных.

ESN (Erasmus Student Network) – арганізацыя, якая займаецца сацыялізацыяй студэнтаў. Розныя вечарыны, падарожжы – гэта іх справа. І з ёй яны спраўляюцца на выдатна!

Святкаванне Хэлоўіна тут расцягнулася на тры дні. Я пайшла толькі на адну вечарыну: мне гэтага хапіла. Спачатку не хацелася ісці, але потым выпадкова трапіла на вочы відэа з вельмі прыгожым мэйкам на Хэлоуін.  Раней лічыла, што з маляваннем у мяне ўсе дрэнна, але калі рабіць усе дакладна, то ўсё атрымаецца.

Вось вынік:

12189783_1220613844622227_4446125781360616029_n

Былі яшчэ дзве невялічкія вандроўкі – у Ключава і ў Гнезно. Ключава – вёсачка, падобная да нашых: агратурызм тут таксама ёсць. Атмасфера, наваколле – вельмі падобна, адчула сябе так, быццам прыехала да бабулі ў вёску.

У Гнезна мы паехалі самастойна. Столькі фотак я яшчэ не рабіла, сапраўды. Гнезна апынуўся вельмі  ўтульным і прыемным мястэчкам, дзе сапраўды адчуваўся подых гісторыі.

А што зараз?

  • Зараз я збіраю рэчы для вандроўкі Кракаў- Вялічка-Аўшвіц.
  • Шмат чытаю і пішу.
  • Пераасэнсоўваю свае жыццё.
  • Знаходжу новых сяброў.
  • Шмат займаюся спортам.

Усім жадаю добрага тыдня і пазітыўнага настрою!

Аленка