Нататкі з Эразмусу ў Познані
- 13.10.2015
- Блог
- Здымкі: Алена Васількова
Познань, 08.10.2015
Прывітанне з Познані! Мяне завуць Алена, зараз я тут знаходжуся па праграме Эразмус Мундус. Хутка будзе месяц, як я ўжо тут. Хачу распавесці пра свае першыя крокі ў самастойным жыцці і вучобе.
“Курица – не птица, Польша – не заграница”, “Жениха привезешь?” ды іншыя пытанні
Чаму Польша? Не вядаю, але гэта, напэўна, лёс. Спачатку падавала дакументы на навучанне ў Мальмё, і нават некаторы час думала, што прайшла туды… Але з-за памылкі каардынатара высветлілася, што я толькі ў reserved list (можа траплю, можа і не).
Потым мне прапанавалі месца ва Універсітэце Адама Міцкевіча, і я пагадзілася. Ужо тады я дастаткова добра ведала польскую мову, і у мяне яшчэ был досвед жыцця ў Польшчы. Усё гэта прывяло мяне туды, дзе я зараз.
Пачаўся збор дакументаў, атрыманне візы… Візу мы атрымалі з другой спробы. Калі мы прыехалі ў першы раз, нас ветліва “паслалі”, бо “вы занадта рана прыехалі”. Памятаю, што ў гэты дзень я хвалявалася, як на іспыце. Толькі з дапамогай польскага каардынатара у нас атрымалася запісацца на другі дзень. Другая спроба была паспяховай! Здалі дакументы хутка, і ў дзень майго апошняга іспыту ў мяне была віза.
Людзі навокал ведалі, што я з’язжаю, і я бачыла розныя рэакцыі – сям’я і сябры радаваліся, хтосьці не разумеў, навошта я гэта раблю. Сутыкалася з прыдуркаватымі меркаваннямі, быццам у Польшчу еду не дзеля вучобы, што ў Польшчы ніякай Эўропы няма. Але я не звяртала на гэта увагі. Калі шчыра – я працавала дзеля гэтага некалькі год , і усе гэтыя меркаванні не перабівалі маю упэўненасць.
Летнія іспыты здадзеныя, заява на камандыроўку напісаная – можна ехаць! Адносна дарогі я не хвалявалася, бо ўжо была ў мінскім аэрапорце і ведала, як гэта працуе. Нас з Магілеву паехала чацвера – усе дзяўчаты. Потым мы сустрэліся з другой групай Эразмусоўцаў – з Гродзенскай вобласці. Падарожжа пачалося вельмі лёгка і прыемна. Потым нас сустрэлі, мы пераселі ў невялікі аўтобус, які павез нас да Познані. Ехалі мы прыкладна пяць гадзін, паспелі з усімі пазнаеміцца.
І увечары мы ўваходзім у нашы пакоі… Я ужо жыла ў акадэміку, таму мела некаторы ўзровень чаканняў. Пакой быў трохі стараваты, але чысты. Спачатку для мяне гэта было шокам, але потым я зразумела, што усялякае месца можна зрабіць утульным і прываблівым для жыцця. Мая суседка – Лана з Грузіі, наладжваем адносіны і абедзве разумеем, што нам трэба прызвычаіцца адна да адной.
Потым пачаўся клопат на некалькі дзён – рабілі ў банку картку, набывалі ўсе неабходныя рэчы. Маім самым яркім успамінам было гатаванне ежы ў першы раз на агульнай кухні.
Спужаная “страшылкамі”, што на кухні могуць штосьці скрасці, я не адыходзіла ні на крок ад сваіх рэчаў. Потым прызвычалася і зразумела, што тут нават усе дапамагаюць адзін аднаму – вымыкаюць плітку, калі бачаць, што ежа прыгарае або занадта моцна кіпіць.
Каардынатары рабілі розныя актыўнасці, каб нас хутчэй пазнаеміць адзін з адным. І мы самі таксама не сядзелі склаўшы рукі. Кожны вечар з’яўляліся прапановы пайсці на піва альбо патанчыць.
Была такая гісторыя, што на маім паверсе не працавалі пліты, і мне было трэба ісці наверх. Так я пазнаемілася з Зэрай – дзяўчынай з Турцыі, якая потым запрасіла мяне на вячэру ў свой пакой. Яна прыехала са сваім хлопцам, абодва вывучаюць статыстыку. Вельмі добры вечар, размаўлялі па- ангельску, узнавалі пра краіны.
Калі я кажу, што я з Беларусі, то тут дзве рэакцыі – хтосьці пасьміхаецца, хтосьці пытаецца: “Гэта дзе?” Ніколі не стамлюся адказваць на гэтае пытанне.
Адносна заняткаў – нам імкнуцца дапамагчы знайсці ўсе патрэбныя дысціпліны. Нас заахвочваюць задаваць пытанні, звяртацца, калі штосьці незразумела. І няхай прайшоў толькі тыдзень заняткаў – у мяне склаліся толькі найлепшыя уражанні ад выкладчыкаў. І калі ты вяртаешся з заняткаў з усмешкаю на твары – гэта найлепшае пачуцце ў жыцці.
Гэты месяц аказаўся аднім з найлепшых у маім жыцці. Так, было складана, было цяжка, я нават паспела схапіць прастуду і пару дзён нікуды не выходзіла… Але гэта ўсё дапамагае разабрацца ў сабе і даведацца, наколькі ты моцная і здольная вырашаць праблемы, што ўстаюць на тваім шляху. Даволі часта я ўзгадвала цытату Рэмарка: “Людзі жывуць так, быццам збіраюцца жыць заўсёды”. Я пачала разумець, што трэба карыстацца ўсімі магчымасцямі, якія ў цябе з’яўляюцца. Асабліва калі гэтыя магчымасці могуць чамусьці навучыць ці пазнаёміць з кімсьці.
Дзякуй за ўвагу і добрага тыдня!
Алена