Нататкі з Піцера: тры месяцы бясконцай сесіі
- 08.07.2016
- Блог
Прайшло амаль тры месяцы з майго апошняга запісу: доўгі цень сесіі накрыў вольны час і ні на што не заставалася моцы – паесці, паспаць ды зноў на акадэмічныя галеры. У рэдкія гадзіны адпачынку, вырваныя з сеткі студэнцкага штодзённіка, я шалёна гуляла па горадзе, старанна напамінала сабе пра тое, што мне пашчасціла жыць ў Паўночнай Пальміры (тым больш, што Пальміра арыгінальная зараз і не Пальміра больш), у Рускай Венецыі, якая, па задуме Пятра Перашага, павінна была быць не проста нароўні – вышэй за самыя цудоўныя гарады свету. Напаміны падагравалі душу, злосць прарывалася на паверхню едкімі каментарамі. Паступова прыйшло разуменне: сама сябе загнала ў вугал, сама і вылезці павінна.
Крыху больш чым год таму, пры дапамозе дзяржаўнай праграмы Расійскай Федерацыі, накіраванай на культурнае супрацоўніцтва і рэпатрыяцыю, я паступіла на перспектыўную (як падалося з плану і буклетаў) новую праграму па прыкладной гісторыі. Праграма выкладаецца на ангельскай мове, у ёй перакрыжоўваюцца некалькіх навучальных дысцыплін. Амаль палову месцаў займаюць студэнты з замежжа. Ці лепей сказаць – займалі, бо зараз замежнікаў засталося пяць чалавек, уключаючы мяне. А цалкам група з 23 студэнтаў страціла амаль палову: зараз нас засталося 15 чалавек.
“Што не так?” – пытаюць тыя, хто, начытаўшыся водгукаў пра Вышэйшую школу эканомікі (яна ж Вышка), чуюць такія звесткі. Першае “не так” пачынаецца з арганізацыі: маладая і не вельмі, мабыць, з-за сваёй невядомасці, праграма прытуліла ўсіх, хто прыйшоў – ад носьбіта ангельскай мовы, гісторыка-амерыканца, да дзяўчат з узроўнем А2 па моўным тэсце і адукацыяй ў філасофіі. Нічога сарамлівага ў гэтым няма, з першага погляду, але паступова пачынаеш разумець, што навуковай дыскусіі ў групе, якая “ні бэ ні мэ” па-ангельску не атрымаецца. Як і не атрымаецца і шматпрофільнасці ў праграме, у сетцы якой 7 з 10 курсаў па экалогіі, прамысловасці і ахове навакольнага асяроддзя.
І гэта другая хіба – пасля першага семестру, які хоць і быў цяжкім і насычаным, але ж больш-менш разнабаковым, пачалая індыкрынацыя – татальная перагрузка гісторыяй прамысловасці, экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя. І гэта пры тым, што толькі адзін хлапец з групы займаецца тэмай, якая (даволі прыблізна) закранае гэтыя галіны навуковай думкі. Астатнія – на горкі жаль нашага кіраўніка праграмы – асаблівай цікавасці да тэмаў не дэманструюць. Але працаваць што конь на пашні павінны, бо па вучэбных гадзінах гэтая дысцыпліна пераплюнула нават даследчы семінар, які павінен быць скіраваны на працу над уласным навуковым праектам.
І трэці камень у агарод праграмы якраз па гэтай траекторыі: на ўласны праект часу катастрафічна не хапае з-за мільярдаў нікому непатрэбных артыкулаў, абсалютна непрывязанай да даследаванняў практыкі і гарою іншых заданняў. Казаць нешта пра вольны час наогул не даводзіцца, існаванне такой катэгорыі з насмешкамі адмаўляе ўся прафесура.
Канешне, праграма не абсалютнае зло, ёсць тут і нейкі (чым далей – тым менш заўважны) добры бок: па-першае, людзі. Сябры і прафесура ўніверсітэту – гэта сам па сабе вялікі скарб. Першыя падзяляюць цяжкі хлеб падрыхтовак, стажыровак і заданняў, а другія намагаюцца максімальна паспрыяць авалоданню ведамі. Тым больш, што Вышка – гэта не проста ўніверсітэт добрых навукоўцаў, гэта ўніверсітэт імёнаў. Тут, канешне, таксама ёсць свае падводныя камяні, але калі табе пашанцавала натрапіць на прафесіянала па тэматыцы тваёй магістарскай, то можна не сумнявацца, што гэта не будзе нехта, на каго Дысернэт точыць востры кол.
Другое – магчымасці. Навуковы напрамак, патрабаванні – гэта зваротны бок магчымасцяў для абменных праграм, даследчых замежных семінараў і дадатковых курсаў па рознай тэматыцы. Сюды ж можна дадаць адкрытыя лекторыі і ўнутраныя семінары. Вучыцца ёсць чаму, застаецца толькі знайсці час і сілы.
Ёсць і трэцяе. Для кожнага тут яно сваё: адзін ставіць у чырвоны вугал англамоўнасць, другі – магчамасць жыць ў Пецярбургу ці паехаць па абмене, трэці – задаволены тым, што яго імя будзе звязана з навукова значным універсітэтам. Для мяне вялікую важнасць зараз мае мая праца, той самы персанальны праект, які пісала цягам года. Кідаць гэтае дзіцятка на паўдарогі не хочацца. Столькі сіл і працы на вецер.
Такім чынам, я вырашыла не кідаць на палове дарогі тое, што няхай не вельмі падабаецца мне сваёй штодзённасцю, але ж дапамагае працаваць над ідэяй. Гэта, канешне, цяжкі шлях штодзённага прераадолення нянавісці, але Піцер дапамагае. Дапамагаюць людзі, вера ў тое, што гэта не дарма.
Вось такія вынікі. Такія справы.