Праваабаронцы за свабодныя выбары

Валанцёрская служба Праваабарончага цэнтру “Вясна” прапануе кожнаму і кожнай перастаць верыць у сіні экран, а паспрабаваць паглядзець на ўсё уласнымі вачыма! Арганізацыя дае магчымасць незалежна паназіраць за такой рэдкай (раз у 4 гады) падзеяй, як выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў усіх узроўняў.

Навошта  патрэбныя назіральнікі?
Праваабаронцаў хвалюе пытанне сумленных і свабодных выбараў, паколькі гэта адно з фундаментальных правоў чалавека. Нягледзячы на ​​тое, што з мінулых выбараў нічога не змянілася, і нават калі мы ўсё ведаем наперад, важная незалежная фіксацыя фактаў фальсіфікацыі выбараў і іншых магчымых парушэнняў. У межах кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” ужо запушчаны тэматычны сайт да маючых адбыцца выбараў.

Каго шукаюць?
Патрэбныя актыўныя назіральнікі, якія гатовыя падзяляць прынцыпы аб’ектыўнасці і незалежнасці, прайсці профільнае навучанне і на валанцёрскіх умовах назіраць на участках у любым пункце краіны ў дзень галасавання 18 лютага, а па магчымасці – і датэрміновае галасаванне.

Як стаць назіральнікам\цай?
Для таго, каб правесці свой агляд упэўнена і без наступстваў, прапануюць прайсці невялікае дыстанцыйнае навучанне. Спецыяльна для
гэтага быў распрацаны відэакурс, які дазваляе дыстанцыйна азнаёміцца ​​з тэмай грамадзянскага кантролю, атрымаць практычныя рэкамендацыі ад экспертаў па назіранні за выбарамі (відэа-лекцыі, дадатковыя матэрыялы і тэсты).

Неабходна зарэгістравацца на старонцы відэакурса, абавязкова прайсці частку 1 і 2, астатнія па жаданні. Потым неабходна напісаць аб сваёй гатоўнасці на мэйл help@spring96.org. Заяўкі ад назіральнікаў прымаюцца да 1 лютага 2018 года.

Увага! Грамадскае назіранне адбываецца на добраахвотнай аснове, як функцыя і асабістая пазіцыя ўдзельнікаў. Назіранне не аплочваецца арганізатарамі!