А вам правы патрэбны?

Студэнцкая рада абвяшчае набор удзельнікаў на семінар “Правы студэнтаў простай мовай”, які пройдзе 11 лютага ў Мінску.

Хто такі студэнт? На што ён мае права? І якім чынам можа абараніць сябе ад ціску з боку адміністрацыі ВНУ і адстаяць свае інтарэсы?

Трэнерамі на семінары выступяць маладыя беларускія праваабаронцы і актывісты студэнцкіх арганізацый.

Дакладны час – з 18:00 да 21:00. Пра месца сустрэчы зарэгістраваным удзельнікам паведамяць дадаткова.

Праграма мерапрыемства складаецца з дзвюх частак.

У першым блоку семінара ўдзельнікі даведаюцца пра гісторыю і фундаментальныя ідэі, на якіх грунтуюцца правы чалавека. Бо яны непарыўна звязаныя з правамі студэнтаў. Да таго ж дадуць вызначэнне метадам абароны правоў чалавека, якія працуюць ў нашай краіне.

Другая частка семінара цалкам прысвечана правам студэнтаў. Удзельнікі пазнаёмяцца з прававымі механізмамі абароны правоў студэнтаў і абмяркуюць, што ёсць студэнцкая супольнасць і якім мусіць быць універсітэт. Таксама будзе прапанавана разабрацца ў тым, якія праблемы існуюць ў сучасных студэнтаў і якім чынам можна палепшыць іх становішча.

Да ўдзелу ў праграме запрашаюцца беларуская моладзь і студэнты.

Удзел у семінары бесплатны.

Анлайн-заяўку можна падаць тут.

Дэдлайн – 9 лютага 2016 года.

***

Бонус для ўдзельнікаў

Для тых, хто паспяхова пройдзе дадзены семінар, прадугледжана паглыбленае навучанне ў галіне правоў чалавека і студэнтаў: стажыроўкі і ўдзел у дзейнасці беларускіх і міжнародных праваабарончых і моладзевых арганізацый.

Засталіся пытанні – пішыце на е-адрас students.rada@gmail.com.