Адукуй сябе пра Еўропу ў анлайне!

Далучайся да пятага патоку курса аб Еўропе для маладых беларусаў і беларусак ад Адукацыя.Інфо, Фонда Конрада Адэнаўэра ды Wilfried Martens Centre for European Studies.

Што гэта будзе?

Цягам курса ты даведаешся больш пра Еўропу ды Еўрапейскі саюз у лакальным ды глабальным кантэкстах, беларуска-еўрапейскія адносіны і сваё месца ў гэтай складанай структуры.

У гэтым годзе курс цалкам пераходзіць у анлайн і складаецца з трох кампанентаў: працы на анлайн-платформе, штотыднёвых тэматычных вэбінараў з экспертамі і эксперткамі і штомесячных арганізацыйных сустрэч.

А для каго?

Гэты курс разлічаны на маладых беларусаў і беларусак ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў, якія цікавяцца еўрапейскай тэматыкай і хочуць структураваць свае веды пра гісторыю ўзнікнення, працу і структуру інстытутаў ЕС, а таксама паглыбіць сваё разуменне пра месца Беларусі ў сучаснай Еўропе.

Звярні ўвагу, што матэрыялы курса будуць давацца, у асноўным, на беларускай і рускай мовах, а некаторыя – на англійскай. Таму мы чакаем, што нашы ўдзельнікі і ўдзельніцы валодаюць англійскай мовай на ўзроўні, дастатковым для разумення прачытаных альбо праслуханых матэрыялаў.

Колькі часу гэта зойме?

Курс доўжыцца 2,5 месяцы. Мы стартуем 18 ліпеня і скончым 26 верасня 2020. Курс будзе складацца з працы на анлайн-платформе, штотыднёвых вэбінараў з экспертамі і эксперткамі і штомесячных арганізацыйных анлайн-сустрэч. Цябе чакае шэраг разнастайных заданняў на платформе і персанальны фідбэк ад тутарак курса, што дазволіць паралельна з вывучэннем зместа пракачаць твае персанальныя кампетэнцыі.

Экспертныя вэбінары будуць займаць па паўтары гадзіны, арганізацыйныя – па тры. Праца на платформе і з міні-праектамі звычайна патрабуе не больш за 2-3 гадізны на тыдзень.

Якія ўмовы?

Удзел у курсе цалкам бясплатны. Удзельнікі і ўдзельніцы, якія паспяхова скончаць курс, атрымаюць сертыфікат.

Дзе пачытаць падрабязнасці і падаць заяўку?

Падрабязней аб курсе чытай на адмысловай вэб-старонцы.

Каб далучыцца да курса, запоўні, калі ласка, гэтую форму.

Заяўкі на курс прымаем да 3 ліпеня ўключна, а аб выніках адбору паведамім не пазней за 9 ліпеня. Калі маеш пытанні адносна курса, пішы на adukacyja@gmail.com з паметкай “Адукуй сябе пра Еўропу”.