Апошні дзень, каб заявіцца на Школу гарадскіх ініцыятыў у Магілёве

Цэнтр гарадскіх ініцыятыў аб’яўляе аб пачатку чацвёртага сезону Школы гарадскіх ініцыятыў “Цяпліца”.

Школа “для тых, хто хоча зрабіць жыццё ў Магілёве лепш, але не ведае як” упершыню была арганізавана ў 2015 годзе. “Цяпліца” – гэта не школа ў звыклым сэнсе, а серыя сустрэч і лекцый, якія дапамогуць неабыякавым гараджанам стаць больш ініцыятыўнымі і актыўнымі ўдзельнікамі гарадскога жыцця, стаць рухаючай сілай падзей і працэсаў па паляпшэнні жыцця ў горадзе.

Выпускнікі мінулых сезонаў сталі ініцыятарамі і арганізатарамі праектаў, якія сталі прыкметнай з’явай у жыцці горада: кінапаказы пад адкрытым небам, начныя экскурсіі, стрыт-арт падворкі і лесвіцы ды іншыя. Акрамя таго яны прымаюць актыўны ўдзел у арганізацыі мерапрыемстваў Цэнтра гарадскіх ініцыятыў “Дранік-фэст”, “Вялікі гарадскі пікнік”.

У гэтым сезоне як і ў мінулым, арганізатары вырашылі не абмяжоўваць геаграфію слухачоў толькі Магілёвам.

– Мінулы сезон паказаў, што цікавасць да гарадскога актывізму ёсць не толькі ў жыхароў нашага горада, але і жыхароў іншых гарадоў Магілёўскай вобласці, – кажа кіраўнік Цэнтра гарадскіх ініцыятыў Юрый Стукалаў. – Калі ў чалавека будзе магчымасць перыядычна па суботах прыязджаць у Магілёў, мы не бачым ніякіх праблем. Таксама мы плануем зрабіць выязныя семінары ў некаторыя раённыя цэнтры вобласці. Спадзяемся, што ў новай “Цяпліцы” паспеюць цікавыя ідэі і для рэгіёнаў.

Заняткі ў “Цяпліцы” будуць праходзіць двойчы на ​​месяц, увесь курс будзе доўжыцца пяць месяцаў. Усе лектары – людзі з вялікім практычным вопытам у сваёй сферы.

Падчас курсу слухачы распрацуюць свае праекты па паляпшэнні гарадскога жыцця, самыя цікавыя і актуальныя з якіх будуць падтрыманы да рэалізацыі.

Для ўдзелу ў новым сезоне Школы гарадскіх ініцыятыў “Цяпліца” трэба запоўніць анкету-заяўку.

Удзельнікі будуць адабраны арганізатарамі на конкурснай аснове. Удзел у школе бясплатны. Прыём заявак да 23 га лістапада (уключна).

Калі ў вас узнікнуць дадатковыя пытанні, іх можна накіроўваць на адрас: cgimogilev@gmail.com.