Беларуска-нямецкая перакладчыцкая майстэрня ў Швейцарыі

У межах праграмы ViceVersa Нямецкага фонду перакладчыкаў і Фонду імя Роберта Боша ладзіцца другая беларуска-нямецкая перакладчыцкая майстэрня.

Час правядзення: 24 – 31 кастрычніка 2016. Месца: Вернэтсхаўзэн, Швейцарыя

Перакладчыкі літаратуры з нямецкай мовы на беларускую і з беларускай на нямецкую вынесуць на абмеркаванне свае працы і супольна разгледзяць перакладчыцкія стратэгіі і рашэнні канкрэтных праблем.  Аднолькава вітаюцца як тэксты, што знаходзяцца ў працэсе падрыхтоўкі да выдання, так і праекты, што выконваюцца “на загад душы”, але яшчэ не маюць дагаворнай асновы.

Кола ўдзельнікаў:

Будзе абрана па пяць перакладчыкаў мастацкай літаратуры, навукова-папулярнай літаратуры, эсэ, драматургіі, паэзіі або літаратуры для дзяцей і юнацтва. У якасці выключэння магчымы ўдзел і перакладчыкаў-пачаткоўцаў у тым выпадку, калі яны ўжо інтэнсіўна займаліся літаратурным перакладам.

Удзел магчымы толькі пры ўмове прысутнасці на працягу ўсёй майстэрні.

Фінансавыя ўмовы:

Выдаткі на ўдзел, пражыванне, харчаванне і праезд бяруць на сябе арганізатары.

Неабходныя дакументы:

  • біяграфічныя і бібліяграфічныя звесткі пра ўласную асобу (максімум 1 старонка);
  • максімум 5 старонак перакладу, што мае быць абмеркаваны падчас майстэрні (двайны інтэрвал паміж радкамі, нумараваныя радкі, месца для заўваг з правага боку);
  • адпаведны ўрывак арыгінала (нумарацыя радкоў з левага боку);
  • звесткі пра аўтара і твор, а таксама асаблівыя цяжкасці пры перакладзе, на якія пажадана звярнуць увагу падчас абмеркавання (максімум 1 старонка).

На ўсіх дакументах неабходна пазначыць уласнае імя і даслаць у фармаце Word або pdf на адрас: info@looren.net  (Перакладчыцкая майстэрня).

Дэдлайн падачы заяўкі – 15 чэрвеня 2016.

Кантактная асоба: Зорка Цыкламіны

Кіраўнікі майстэрні: Ірына Герасімовіч (Мінск) і Томас Вайлер (Маркклееберг).

Больш падрабязнасцей на сайце партнёраў школы – Інстытута імя Гётэ ў Менску.