Беларускамоўная гішпанка прэзентуе сваю кнігу

Анхела Эспіноса Руіз, іспанка, якая размаўляе па-беларуску, прэзентуе кнігу вершаў “Раяль ля мора” у Мінску 21 лістапада.

Прэзентацыя адбудзецца ў межах праекту “Саўндчэк” у прасторы “Арт Сядзібы”.
Адрас: пр. Незалежнасці, 58, гандлёвы цэнтар “Маскоўска-Венскі”, 4-ты паверх (у правым пад’ездзе ёсць ліфт), пакой 430.

Уваход бясплатны, але колькасць месцаў абмежаваная. Запісацца на сустрэчу варта ў адмысловай суполцы ВК.

Студэнтка Ангела Эспіноза з Малагі ніколі не была ў Беларусі, вывучыла мову па падручніках з інтэрнэту і выдала кнігу беларускіх вершаў «Раяль ля мора». А ва ўнівэрсітэце Гранады яна арганізавала курсы «Мова Нанова» для трох гішпанскіх студэнтак. Ангела вядзе блог пад назвай «Іншаземка, якая піша па-беларуску». Аўтарка вольна і правільна гаворыць па-беларуску. Гэтага яна дасягнула ўсяго за два апошнія гады.

У сваім інтэрв’ю для радыё “Свабода” Ангела так акрэсліла свае стасункі з беларускай мовай:
Я зразумела адразу, што каб зразумець беларускую культуру, гісторыю Беларусі, зразумець, што адбываецца ў Беларусі, тэрмінова трэба ведаць беларускую мову. Я пачала вучыць, і для мяне гэта было відавочна. Для мяне гэта факт! Трэба дыхаць, таму што памрэш, калі не дыхаць. Трэба ведаць беларускую мову, калі хочаш жыць у беларускай культуры“.

Праект SoundCheck – гэта сустрэчы за кавай або гарбатай з цікавымі творчымі людзьмі, з якімі карысна паразмаўляць у нефармальнай абстаноўцы. Гасцямі выступаюць культурныя дзеячы, аўтары паспяховых праектаў і проста людзі, якія натхняюць.