CrossCulture Programme: стажыроўка ў Нямеччыне

Institut für Auslandsbeziehungen запрашае кандыдатаў з Беларусі да ўдзелу ў стажыроўцы ў Нямеччыне CrossCulture Programme.

Працягласць: 8 тыдняў.

Праграма скіравана на пашырэнне і развіццё палітычных, эканамічных і сацыяльных стасункаў паміж краінамі, якія ў ёй удзельнічаюць (а гэта Арменія, Азербайджан, Беларусь, Грузія, Малдова, Расія, Украіна і, вядома, Нямеччына).

Да ўдзелу запрашаюцца кандыдаты з названых краін, якія жадаюць набыць прафесійны досвед за мяжой і пасля распаўсюджваць набытыя веды дома. Апроч прафесійнага развіцця і адмысловых трэнінгаў, удзельнікі праграмы пазнаёмяцца з сацыяльнымі і палітычнымі структурамі Нямеччыны. Гэта дазволіць набыць важныя кантакты для будучай супрацы.

Патрабаванні да кандыдатаў:

  • добрае валоданне ангельскай мовай;
  • дачыненне да арганізацыі ці інстытуцыі ў сябе дома;
  • веданне нямецкай не з’яўляецца абавязковай ўмовай;
  • узрост – 23 – 48 гадоў.

Фінансавыя ўмовы

Штомесяцовы грант складае 550 еўра. Апроч гэтага, арганізатары забяспечваюць пражыванне інтэрнаў, пакрываюць выдаткі на візу, медыцынскае страхаванне, падарожжа і грамадскі транспарт.

Як падацца

Падаць заяўку можна выключна анлайн. Для гэтага неабходна падрыхтаваць наступныя дакументы:

  • матывацыйны ліст;
  • CV з інфармацыяй пра актуальнае месца працы;
  • рэкамендацыйны ліст ад сваёй арганізацыі, які пакажа яе зацікаўленасць у тым, каб кандыдат прайшоў стажыроўку;
  • партрэтны фотаздымак.

Пасля таго як каманда праграмы разгледзіць усе заяўкі, яна складзе шорт-ліст кандыдатаў, якія пасля атрымаюць запрашэнне на інтэрв’ю ў амбасадзе альбо праз скайп.

Дэдлайн – 12 студзеня 2018 года.

Больш падрабязнасцей па спасылцы.