Дні адчыненых дзвярэй ЕГУ

19-20 студзеня Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) запрашае старшакласнікаў беларускіх школ, гімназій і ліцэяў на зімовыя Дні адчыненых дзвярэй, якія пройдуць у новым навучальным корпусе ў Старым горадзе Вільні.

Традыцыйна ў рамках Дзён адчыненых дзвярэй абітурыенты ЕГУ пазнаёмяцца з навучальнымі праграмамі, сістэмай агульнаўніверсітэцкай падрыхтоўкі, выкладчыкамі і студэнтамі ўніверсітэта, змогуць задаць пытанні пра паступленне, стыпендыі, праграмы абмену Erasmus+ і Кампус Еўропа. Таксама абітурыенты змогуць здаць уступныя экзамены па эсэ ці кампазіцыі і англійскай мове.

Падчас мерапрыемства ўніверсітэт надасць асаблівую ўвагу праграме агульнаўніверсітэцкай падрыхтоўкі, якая будуецца ў адпаведнасці з адукацыйнай традыцыяй у галіне свабодных навук і мастацтваў (liberal arts and sciences). ЕГУ арганізуе спецыяльны семінар для абітурыентаў, падчас якога мы паспрабуем паказаць, што ўяўляе сабой традыцыя ўніверсітэцкай гуманітарнай адукацыі. Унікальныя практыкі інтэнсіўнага пісьма і дыскусій на семінары ўжо даўно паспяхова выкарыстоўваюцца ў ЕГУ і ўніверсітэтах-партнёрах у рамках агульнаўніверсітэцкай падрыхтоўкі. Асноўныя задачы семінара — фарміраванне і развіццё ў абітурыентаў навыкаў творчага і самастойнага выказвання думак і ідэй, фармулявання ўласнай пазіцыі і разумення пры гэтым пазіцыі іншага, удзелу ў сумесным абмеркаванні ідэй і  знаходжання спосабаў вырашэння праблем.

Важна! Пры рэгістрацыі да 18 лістапада ЕГУ прадаставіць падтрымку і суправаджэнне для афармлення бясплатнай аднаразавай візы ў Літоўскую Рэспубліку. Бясплатная віза для наведвання Дзён адчыненых дзвярэй афармляецца толькі навучэнцам беларускіх школ, гімназій, ліцэяў, каледжаў (пры наяўнасці даведкі аб статусе навучэнца), а таксама слухачам курсаў Прапілеі. Бацькам абітурыентаў можа быць аказана падтрымка па афармленні платнай аднаразавай візы.

Рэгістрацыя без візавай падтрымкі адбудзецца да 10 студзеня.

Рэгістрацыя на Дні адчыненых дзвярэй у Вільні праходзіць па спасылцы.

Праграма Дзён адчыненых дзвярэй

19 студзеня (субота) адбудзецца адукацыйная выстава, профільныя сустрэчы абітурыентаў з прадстаўнікамі праграм і адміністрацыяй універсітэта, спецыяльны семінар для абітурыентаў, а таксама экзамен па замежнай мове.

20 студзеня (нядзеля) удзельнікі Дзён адчыненых дзвярэй змогуць здаць уступныя экзамены па эсэ і кампазіцыі. Атрыманыя вынікі абітурыенты могуць выкарыстоўваць пры паступленні ў ЕГУ ў 2019 годзе.

Мерапрыемства адбудзецца ў новым навучальным корпусе ЕГУ— былым будынку Аўгусцінскага кляштара, размешчанага ў Старым горадзе Вільні, які ўключаны ў спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.