Дзень абароны персанальных дадзеных – рэгіструйся сёння!

Набліжаецца 28 студзеня – міжнародны дзень абароны персанальных дадзеных або Privacy Day. У 2019 годзе ўжо ў трэці раз Human Constanta правядзе папулярную канферэнцыю ў Мінску, прымеркаваную да гэтага дня.

Мерапрыемства пройдзе ў суботу 26 студзеня, у Imaguru на вул.Фабрыцыўса 4, пачатак рэгістрацыі ў 9:30. Удзел бясплатны!

Што гэта?

Штогадовая аднадзённая канферэнцыя пра ўсё, што тычыцца прыватнасці і персанальных дадзеных. Як і ў мінулым годзе, мы падзялілі праграму на папулярную частку і бізнес-секцыю. Будзе шмат размоў пра правы чалавека, інфармацыйных пагрозах і бізнесе, але яшчэ больш практычных ведаў, якія можна прымяніць у жыцці і працы. Больш за 15 беларускіх і замежных спікераў, лекцыі, дыскусіі і майстар-класы.

Для каго?

Для юрыстаў – будзе секцыя пра GDPR і беларускі закон аб персанальных дадзеных.

Для карыстальнікаў – вы даведаецеся як можна абараніць свае дадзеныя і нават паспрабуеце гэта зрабіць на месцы.

Для бізнесу – юрысты раскажуць, што трэба вашаму бізнесу, каб нічога не парушаць, працуючы з дадзенымі карыстальнікаў на беларускім і глабальным рынках.

Для журналістаў – магчымасць разабрацца, пра што ўвесь гэты шум, і спытаць у прафесіяналаў.

Для параноікаў – яшчэ раз пераканацца, што вялікі брат назірае за намі.

А больш падрабязна?

Прэзентацыі, майстар-класы і дыскусіі ў двух паралельных секцыях: першая арыентаваная на бізнес, другая для карыстальнікаў.

У бізнэс-секцыі пагаворым аб рэальных кейсах і рэгуляванні: як да іх рыхтавацца і што рабіць стартапам і дзеючым бізнэсам, каб нічога не парушыць. Першая практыка прымянення GDPR, вопыт беларускіх і замежных спецыялістаў, інвестыцыйныя кейсы ў Беларусі, магчымасці павысіць кваліфікацыю і сертыфікавацца, а таксама многае іншае.

У папулярнай секцыі гаворка пойдзе пра сучаснае разуменне прыватнасці, лічбавай бяспекі, бяспекі дзяцей у інтэрнэце і пра спрэчны спосаб абыходжання з дадзенымі – сацыяльную інжынерыю.

Увесь дзень для вас будзе працаваць крыпта-бар, дзе спецыялісты па інфармацыйнай бяспецы змогуць пракансультаваць і наладзіць вашыя дэвайсы на бяспечнае выкарыстанне.

Спецыяльны госць імпрэзы – Артур Хачуян, заснавальнік Tazeros Global (Ex Social Data Hub). Дарэчы, пакуль мы дыскутуем аб прыватнасці, яны сабралі 9 петабайтаў дадзеных карыстальнікаў сацсетак. Што адбываецца з прыватнасцю ў эпоху вялікіх дадзеных, як дзяржава і карпарацыі выкарыстоўваюць дадзеныя пра нас, дзе цяпер знаходзяцца этычныя межы майнінгу дадзеных і за што яго заблакаваў Facebook – пра гэта і пра многае іншае пагаворым з ім у Мінску.

Падрабязны расклад, інфармацыю аб спікерах і тэмах глядзіце на сайце.

Дзе і калі?

26 студзеня, субота. Стартап-хаб Imaguru, вул.Фабрыцыўса 4.

Пачатак рэгістрацыі ў 9:30

Як трапіць?

Удзел у мерапрыемстве бясплатны. Зарэгіструйцеся па спасылцы  да 23 студзеня.

Аганізатары: Праваабарончая арганізацыя Human Constanta

Партнёры канферэнцыі: Data Privacy Office, Адвакацкае бюро «Сцепаноўскі, Папакуль і партнёры»

Інфармацыйныя партнёры: RFRM.by, Naviny.by, digital.report