Ідэі расквітаюць разам з PR-кветкай

Інстытут журналістыкі БДУ запрашае на юбілейны форум “PR-кветка”, які пройдзе 29-31 сакавіка.

На тры дні форум стане пляцоўкай для абмену ідэямі і досведам як у прафесійнай камунікацыйнай супольнасці, так і ў асяроддзі маладых і пачынаючых спецыялістаў.

Арганізатарамі форуму па традыцыі з’яўляюцца студэнты і выкладчыкі кафедры тэхналогій камунікацыі Інстытута журналістыкі БДУ, суарганізатар – кансалтынгавая кампанія IPR Belarus.

Канцэпцыя мерапрыемства ў гэтым годзе – космас, пашырэнне звыклых межаў і засваенне новых тэрыторый. Касмічная станцыя “KVETKA 10” з экіпажам і пасажырамі на борце на працягу трох дзён зробіць падарожжа па Галактыцы Камунікацыі.

Нязменнымі фарматамі “PR-кветкі” з’яўляюцца майстар-класы, круглыя сталы, варкшопы з удзелам беларускіх і замежных спецыялістаў у сферы камунікацыі. Слухачы змогуць прыняць удзел у PR і рэкламных конкурсах ад буйных беларускіх брэндаў і ў нефармальным асяроддзі пагутарыць з іх прадстаўнікамі.

У гэтым годзе каманды могуць прадставіць праект у адной з чатырох секцый:

  • PR праекты;
  • “Рэкламныя праекты”;
  • “Startup праекты”;
  • “Кветачка”.

Пераможцаў конкурсаў і секцый чакаюць каштоўныя прызы, кантакты і магчымасці працаўладкавання.

Форум адкрыты для ўсіх жадаючых, удзел у ім бясплатны. Галоўнае патрабаванне – анлайн-рэгістрацыя. Зарэгістравацца ў якасці слухача можна да 24 сакавіка 2017 года.

Калі вы хочаце прадставіць сваю ідэю на “Кірмашы праектаў”, вашай камандзе неабходна зарэгістравацца як “Удзельнік” не пазней за 15 сакавіка 2017 года. Затым, згодна з інструкцыям арганізатараў, выслаць кароткую прэзентацыю праекта да 22 сакавіка 2017.

Адна студэнцкая каманда можа падаць толькі адзін праект у кожную з секцый. У камандзе можа быць ад двух да пяці чалавек. Больш падрабязна пра патрабаванні да праектаў і аб самім форуме вы можаце даведацца на сайце prkvetka.bsu.by.

З пытаннямі можна звяртацца па тэлефонах +375447572051 (Ірына Быстрова),+375291758990 (Юлія Херман).