Конкурс: як свае 92 дні АДУлета прабавілі вы?

Лета 2016-га сышло ў нябыт і навечна застанецца ў нашай памяці, бо было надзвычай плённым / цікавым / натхняльным / незабыўным / улётным. Але навошта хаваць ад іншых тое, чым варта падзяліцца з іншымі? Каманда Adukacyja.info абвяшчае конкурс кароткіх адукацыйных гісторый “Як свае 92 дні АДУлета прабавілі вы?

Навучыліся закатваць гуркі па рэцэпце, які запавяла вам бабуля? Ці з’ездзілі на жыццязмяняльную стажыроўку? А можа, трапілі на моладзевы абмен ці валанцёрскую праграму, якая ўшчэнт зруйнавала тое, што падавалася непахісным стэрэатыпам? Дасылайце нам кароткія аповеды пра свой летні адукацыйны досвед на е-адрас adukacyja@gmail.com.

З вялізным задаволеннем іх пачытаем, з вашага дазволу зробім невялікую падборку гісторый і апублікуем іх на сайце, а самую яскраваю (ці яскравыя?) ўзнагародзім нашым атмасферным АдуКалендаром (які пачынаецца з верасня, само сабой), каб увесь год быў такім жа шчодрым на падзеі.

Падумаць над сваёй гісторыяй і даслаць яе трэба да 10 верасня, а ўжо 12-га распавядзем усяму свету пра новага ўладальніка АдуКалендара.

А што цікавае на вас чакае ў гэтым годзе, можна забачыць і зацаніць тут.