Культура і крэатыўнасць: партнёрскі тур у Польшчу

У межах праграмы Еўразвязу і Ўсходняга партнёрства “Культура і крэатыўнасць” ладзіцца навучальна-азнаямляльны тур у Польшчу.

Да ўдзелу запрашаюцца арганізацыі культурніцкіх і крэатыўных індустрый Украіны, Грузіі, Малдовы, Арменіі, Азербайджана і Беларусі.

Арганізатары выберуць шэсць удзельнікаў з краін Усходняга партнёрства, якія атрымаюць магчымасць навучання і сумеснай працы з наступнымі польскімі арганізацыямі:

  • “Майстэрні культуры” (Люблін);
  • Тэатр Стэфана Ярача (Ольштын);
  • Культурны цэнтр імя Ц.К. Норвіда (Кракаў);
  • “Bołt Records” (Варшава);
  • “Арт Інкубатар” (Лодзь);
  • Інстытут гарадской культуры (Гданьск).

Праграма скіравана на развіццё доўгатэрміновага партнёрства паміж культурніцкімі арганізацыямі Польшчы і краін Усходняга партнёрства: узаемнае навучанне, арганізацыю тэматычных канферэнцый, сумесных мерапрыемстваў і г.д.

Падаць заяўку могуць:

  • дзяржаўныя ўстановы сферы культуры;
  • прыватныя і камерцыйныя культурніцкія арганізацыі;
  • арганізацыі грамадзянскай супольнасці і недзяржаўныя арганізацыі, якія працуюць у сферы культурніцкіх і крэатыўных індустрый.

Арганізацыі мусяць даслаць запоўненую форму заяўкі да 7 снежня 2015 года.

Арганізатар туру – Нацыянальны цэнтр культуры Польшчы. Асноўнае месца мерапрыемстваў – еўрапейская сталіца культуры 2016 года – горад Вроцлаў.

Паводле by.odb-office.eu