Культурная спадчына вяртаецца ў цяперашні час. Праект CHOICE чакае!

Міжнародны праект па развіцці культурнай спадчыны CHOICE стартуе ў Беларусі. Шукаюцца крэатыўныя і адказныя ўдзельнікі!

Асацыяцыя агенцый мясцовай дэмакратыi ALDA (Францыя) сумесна з Міжнародным кансорцыумам “ЕўраБеларусь” (Лiтва) абвяшчае пачатак партнёрскай праграмы CHOICE і заклікае ўсіх зацікаўленых да ўдзелу.

Праект будзе разгортвацца ў Беларусі, Украіне, Малдове і Арменіі ў межах праграмы Ўсходняга партнёрства.

Беларуская частка праекту – “CHOICE-Беларусь: спадчына i сучаснасць” – грунтуецца на каштоўнасці культурнай спадчыны як рэсурсу для ўмацавання і развіцця сучаснай беларускай ідэнтычнасці і еўрапейскага цывілізацыйнага выбару Беларусі.

Арганiзатары праекту маюць мэтай надаць імпульс пашырэнню разнастайнасці інавацыйных падыходаў і ініцыятыў па ўвядзенні культурнай спадчыны Беларусі ў сучаснае культурнае жыццё беларускага грамадства.

На практыцы гэтыя мэты будуць дасягнутыя праз:

  • падтрымку недзяржаўных культурніцкіх арганізацый і прафесійных супольнасцяў у рэалізацыі інавацыйных праектаў па ахове і актуальнай інтэрпрэтацыі нацыянальнай культурнай спадчыны;
  • павышэнне прафесійных кампетэнцый, арганізацыйнага патэнцыялу і ўзмаценнне ролі грамадскіх арганізацый у фармаванні мясцовага і нацыянальнага культурніцкага асяроддзя і культурнай палітыкі ў краіне.

У праграму праекта ўвойдзе:

  • кансультацыйная падтрымка па арганізацыйным развіцці для заяўнікоў і ўдзельнікаў праекта;
  • тэматычныя дыскусійныя мерапрыемствы і семінары;
  • праграма малых грантаў для праектаў па актуалізацыі культурнай спадчыны;
  • падрыхтоўка аналітычных матэрыялаў (policy paper).

Да ўдзелу запрашаюцца:

  • недзяржаўныя арганізацыі мясцовага і/або нацыянальнага ўзроўню, якія працуюць у сферы мясцовага развіцця, аховы і аднаўлення культурнай спадчыны і культурных ландшафтаў;
  • арганізацыі, групы і супольнасці прафесіяналаў і інтэлектуалаў, дзеячы культуры, заклапочаныя тым, як захаваць культурныя ландшафты і іх разнастайнасць, і забяспечыць устойлівае выкарыстанне рэсурсу культурнай спадчыны для развіцця гарадоў і паселішчаў.

Адбор удзельнікаў будзе праходзіць у два асноўныя этапы.

На першым этапе арганізацыям і ініцыятывам, якія жадаюць удзельнічаць у праекце, неабходна падрыхтаваць і даслаць на электронную скрынку eurobelkultura@gmail.com наступныя дакументы:

  • творчую канцэпцыю культурніцкага праекта, у аснове якога – інтэрпрэтацыя, актуалізацыя, рэвіталізацыя матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі;
  • папярэдні план свайго арганізацыйнага развіцця.

Форма анкеты і інструкцыя па падрыхтоўцы заяўкі будуць размешчаныя на сайце eurobelarus.info.

Дэдлайн падачы канцэпцый і планаў – 31 кастрычніка 2015 г.

Дыяпазон  тэматычных накірункаў і фарматаў праектаў можа ўключаць:

  • складанне мапаў  аб’ектаў культуры, маршрутаў культурнай спадчыны;
  • мабільныя дадаткі для папулярызацыі канкрэтнай культурнай спадчыны;
  • прасоўванне сучасных метадаў і тэхналогій аднаўлення культурных ландшафтаў;
  • мабілізацыя мясцовых супольнасцяў для прыняцця ўдзелу ў мясцовым планаванні, уплыву на рэалізацыю культурнай палітыкі і яе адсочванне;
  • а таксама іншыя інавацыйныя праекты, свежыя творчыя ідэі і амбітныя ініцыятывы, заснаваныя на памкенні аўтараў да прафесійнага росту і ўплыву на культурніцкія працэсы лакальнага i нацыянальнага ўзроўню.

На другім этапе адбору, да 20 студзеня 2016 года, арганізацыі з ліку адабраных ўдзельнікаў пры дапамозе кансультантаў і трэнераў будуць распрацоўваць і прадстаўляць прапановы па праекце з падрабязным бюджэтам, а таксама дапрацоўваць заяўленыя планы свайго арганізацыйнага развіцця.

Адабраныя ўдзельнікі атрымаюць таксама магчымасць прыняць удзел у прафесійных семінарах і міні-стажыроўках у профільных арганізацыях у Беларусі, Украіне, Малдове і Арменіі, а таксама рэалізаваць сумесныя праекты з партнёрамі з гэтых краін.

Атрымаць больш поўную інфармацыю аб праекце, яго магчымасцях  і ўмовах удзелу можна будзе ад саміх каардынатараў на афiцыйнай прэзентацыі “CHOICE-Беларусь: Спадчына і сучаснасць”, якая адбудзецца 22 верасня ў культурнай прасторы “ЦЭХ” а 19:00. Уваход вольны.