Лятучы адчыняе новую праграму

422

13 лістапада ў клубе IMAGURU Лятучы ўніверсітэт прэзентуе новую адукацыйную праграму. Пачатак а 18.30.

У новай праграме слухачоў чакаюць значныя інавацыі. Дадатковую ступень у структуры адукацыі створаць Школы Магістраў Гульні. Яны разлічаны на невялікія групы, якія ў шчыльнай камунікацыі з Настаўнікамі – беларускімі мыслярамі і інтэлектуаламі – будуць супольна займацца інтэлектуальнай працай. Паспяховае заканчэнне Школаў надасць выпускнікам тытул “Магістар Гульні”, што запачаткуе новую генерацыю мысляроў і стваральнікаў Беларусі.

 

  • Школа Гісторыі ідэй разгарне выбудову інтэлектуальнага кантэксту, звязкі традыцый і сучасных умоваў мыслення на памежжы гісторыі філасофскай думкі, інтэлектуальнай і культурнай гісторыі.

Кіраўнік Школы – Ігар Бабкоў.

 

  • Метадалагічная школа прапануе засвоіць, развіць і папрактыкаваць сучасныя формы супольнага мыслення і выбудовы будучыні праз практыку і развіццё ідэяў.

Кіраўнікі Школы – Уладзімір Мацкевіч, Тацяна Вадалажская.

 

  • Школа ВКЛ звернецца да спадчыны, каб пераўтварыць веды пра мінуўшчыну ў актуальны жывы падмурак цяперашняга самаразумення, культуры і пабудовы будучыні.

Кіраўнік Школы – Алег Дзярновіч.

 

  • Школа Сацыяльна-філасофскай аналітыкі паглыбіцца ў выбудову сацыяльнага ўяўлення пра беларускае грамадства, стварэнне тэкстаў, у якіх схопліваецца сучаснасць.

Арганізатары Школы – супольнасць “Беларускай Філасофскай прасторы”

Усе Школы разлічаны на два з паловай гады: са студзеня 2016-га па травень  2018-га года.

Кожная з іх прадугледжвае строгі адбор па асабістых крытэрах, звязаных з тэматыкай і адпаведным тыпам інтэлектуальнай практыкі. Праграмы Школаў уключаюць як засваенне агульных курсаў Лятучага, так і працу ў індывідуальных фарматах, асабістых для кожнай школы.

У новай праграме Лятучага ўніверсітэта застаецца і ўжо традыцыйны адукацыйны фармат – курсы, у гэтым годзе іх плануецца 8:

  • Мысленне. Ад філасофскага здумлення да практычнай катэгарычнасці (У. Мацкевіч)
  • Майстэрня Свамовы: Мысьліць па-беларуску (М. Баярын)
  • Праца з мінулым. Шлях гістарыяграфіі (Г. Сагановіч)
  • D4: Вобраз і стыль (М. Анемпадыстаў)
  • Гісторыя беларускай думкі ў кантэксце еўрапейскага мыслення (І. Бабкоў)
  • Школа Бібліі (І. Дубянецкая)
  • Тэхнікі сімбалічнай інтэрпрэтацыі (П. Баркоўскі)
  • Глабальныя праблемы паўсядзённасці. Актуальныя дыскусіі ў еўрапейскай супольнасці (В. Бабровіч)

Гэтыя курсы адкрыты для ўсіх, хто шукае новыя сэнсы, мае пытанні і праблемы, гатовы да зменаў у сабе і ў свеце. Узрост, адукацыя і прафесія не маюць абмежаванняў. Здольнасць да ўдзелу вызначаецца гатоўнасцю да супольнага мыслення і адпаведнасцю ўзроўню, які задае выкладчык. Заяўляцца можна на любую колькасць курсаў, пры гэтым варта разлічваць на свае фізічныя і інтэлектуальныя сілы і магчымасці. Курсы будуць адбывацца са студзеня па чэрвень 2016 года. Па заканчэнні вы не атрымаеце дыпломаў ці пасведчанняў. Але вы зможаце знайсці Настаўніка ці “сваё кола”.

Як падацца

Запіс на курсы трывае да 5 снежня. Падрабязна пазнаёміцца з праграмай Лятучага ўніверсітэта, а таксама сустрэцца з выкладчыкамі курсаў і Майстрамі Школаў можны будзе падчас публічнай прэзентацыі 13 лістапада а 18.30 (клуб Imaguru, вул. Фабрыцыюса, 4).

Зарэгістравацца можна тут.