Лятучы прадстаўляе ўласную анлайн-платформу

Лятучы ўніверсітэт прэзентуе адноўленую дыстанцыйную платформу анлайн-курсаў ды публічных лекцый і запрашае далучыцца да яе.

За больш як шэсць гадоў працы Лятучы ўніверсітэт атрымаў вялікі досвед нефармальнай адукацыі і стварыў багаты архіў лекцый і дыскусій, праведзеных беларускімі інтэлектуаламі, культурнымі і грамадскімі дзеячамі, навукоўцамі і спецыялістамі. Прыйшоў час засвоіць новы фармат – фармат дыстанцыйнага навучання.

З дапамогай платформы стваральнікі Лятучага ўніверсітэта імкнуцца:

  • даць доступ для большага кола зацікаўленых у сучаснай адукацыі, які не абмежаваны часам і адлегласцямі;
  • прадставіць напрацоўкі беларускіх мысляроў і навукоўцаў у зручным і сучасным фармаце;
  • стварыць віртуальную пляцоўку для змястоўнай камунікацыі тых, хто навучаецца і навучае;
  • даць магчымасць іншым адукацыйным ініцыятывам і арганізацыям прапаноўваць свае курсы і публічныя лекцыі на агульнай пляцоўцы.

Што прапануе платформа?

  • Відэакурсы ад беларускіх інтэлектуалаў і навукоўцаў, дапоўненыя дадатковымі матэрыяламі для вывучэння. Тэматыка курсаў і лекцый самая шырокая, абмежаваная толькі глыбінёй тэмаў і актуальнасцю праблемаў, якія сёння ствараюць выклік для сучаснага грамадства і чалавека.
  • Відэазапісы публічных лекцый і выступаў па шырокаму колу тэмаў.
  • Магчымасць камунікацыі паміж слухачамі, а таксама з выкладчыкам.
  • Магчымасць раіць, каментаваць і ацэньваць курсы і лекцыі, ствараючы свой “рэйтынг папулярнасці”.

Першай ластаўкай з’яўляецца курс Уладзіміра Мацкевіча “Пропедевтика системного подхода для гуманитариев”. Зараз на платформе таксама можга знайсці курсы Міхала Анемпадыстава, Ігара Бабкова, Ірыны Дубянецкай, сумесны курс Вольгі Орышавай і Галіны Русецкай, а таксама курс, створаны па матэрыялах школы “Горад”.

Пакуль платформа працуе ў тэставым рэжыме, таму арганізатары адразу выбачаюцца за недарэчнасці і будуць удзячныя, калі вы дапаможаце у дапрацоўцы! Калі ласка, дасылайце вашы заўвагі і прапановы на адрас flyuniby@gmail.com.