Летняя школа па правах чалавека ў Вільні

Беларуская праваабарончая школа, арганізаваная міжнароднай супольнасцю праваабарончых арганізацый, абвяшчае конкурс на ўдзел у Летніх школах па правах чалавека на 2019 год.

Калі: 10-18 ліпеня ці 23-31 ліпеня 2019 года.
Дзе: Вільня, Літва.

У межах адукацыйнай праграмы ўдзельнікі пазнаёмяцца з гісторыяй і філасофіяй правоў чалавека, а таксама метадамі і сродкамі іх абароны на нацыянальным і міжнародным узроўнях.

Выкладчыкамі школы стануць прадстаўнікі вядучых праваабарончых арганізацый Беларусі і іншых краін, вядомыя і аўтарытэтныя спецыялісты ў галіне правоў чалавека і права.

Да ўдзелу ў праграме запрашаюцца маладыя людзі з Беларусі, зацікаўленыя ў набыцці ведаў у галіне правоў чалавека.

Узрост – ад 18 да 27 гадоў.

Група будзе сфармавана з 20-22 удзельнікаў на конкурснай аснове.

Працоўныя мовы – беларуская і руская.

Як падацца

Падаваць заяўкі можна на два наборы: 10 – 18 ліпеня (заяўкі прымаюцца да 10 чэрвеня ўключна), 23 – 31 ліпеня (заяўкі прымаюцца да 23 чэрвеня ўключна).

Для ўдзелу ў школе прэтэндэнт павінен запоўніць рэгістрацыйную форму не пазней за вызначаны тэрмін (заяўкі, дасланыя пазней за ўказаныя даты, разглядацца не будуць).

Пажадана прадставіць таксама рэкамендацыйны ліст (ад праваабарончай ці іншай грамадскай арганізацыі, з якой супрацоўнічае прэтэндэнт, з месца працы ці вучобы). Перавага будзе аддавацца прэтэндэнтам, якія арыентуюцца ў грамадскай праблематыцы, зацікаўленыя ў атрыманні ведаў у галіне правоў чалавека і жадаюць дзейнічаць на карысць іх абароны.

Удзельнікі будуць абраныя сярод заяўленых прэтэндэнтаў у выніку конкурсу, які правядзе кваліфікацыйная камісія. Пра вынікі конкурсу на працягу пяці дзён пасля завяршэння адбору будуць апавешчаныя ўсе прэтэндэнты.

Ад удзельнікаў патрабуецца прысутнасць на ўсіх занятках. Арганізатары пакідаюць за сабой права выключыць удзельніка ў выпадку невыканання ўмоваў удзелу ў школе.

Фінансавыя ўмовы

Удзел у занятках і навучальныя матэрыялы – бясплатныя. Арганізатары школы бяруць на сябе выдаткі на аплату віз і страхавых полісаў, транспартных выдаткаў (кошт праезду да месца правядзення і назад), пражывання і харчавання ўдзельнікаў. Транспартныя выдаткі, звязаныя з афармленнем віз, кампенсаваныя не будуць.

У выпадку, калі вы маеце дадатковыя пытанні, звяртайцеся па е-адрасе belschool@gmail.com.