Міжнародны летнік “ReThink Belarus”

Намётавае мястэчка ў маленькай беларускай вёсцы – гэта месца, дзе ты зможаш не толькі паспрыяць фармаванню іміджа краіны праз шматлікія дыскусіі з замежнымі ўдзельнікамі, але і знойдзеш час для сябе, каб паглыбіцца ў самарэфлексію і зразумець, а якая яна для цябе – сапраўдная, натуральная Беларусь? Цягам летніка мы будзем працаваць са стэрэатыпамі на прыкладах іміджа нашай краіны, а таксама знаёміцца з досведам удзельнікаў з іншых куткоў Еўропы.

Дзе: Карнюткі, Беларусь

Калі: 8.-15.07.2018

Дэдлайн: 26.05.2018

Летнік ладзіцца ў форме намётавага мястэчка і раздзелены на дзве тэматычныя часткі: у першай палове дня мы прапануем вам далучыцца да рэстаўрацыі школы 1930 года пабудовы, на базе якой праводзіцца летнік. Пасля абеда да нас будуць далучацца эксперты і запрашаць да дыскусіі пра розныя бакі жыцця краіны: гісторыя, палітыка, эканоміка, экалогія. Вечарам ля вогнішча альбо падчас шматлікіх супольных нефармальных актыўнасцей вы зможаце наўпрост адпачыць ад жыцця ў горадзе і завесці новыя цікавыя знаёмствы.

Мова праекта – ангельская.

Для ўдзелу ў летніку ад вас не патрабуецца нейкіх спецыяльных ведаў ці навыкаў, але прыярытэт аддаецца праактыўным ўдзельнікам, якія прагнуць развіваць Беларусь і мясцовыя супольнасці, цікавяцца тэмай ды шукаюць кантактаў з аднадумцамі.

Далучыцца да летніка можна, запоўніўшы гэтую форму да 26.05.2018. Пра вынікі адбору мы паведамім 01.06.2018.

Праект праводзіцца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза, арганізацыйнай падтрымцы www.karali.by і інфапартнёрстве з adukacyja.info. Каардынатарка праекта: Таццяна Дашук.

#EUforBelarus #ЕСдляБеларуси