Набор на даследчыцкую праграму імя Віталя Сіліцкага

Цэнтр новых ідэй прымае заяўкі на Vitali Silitski Fellowship, двухмесячную нерэзідэнтную праграму, названую ў гонар выбітнага беларускага палітолага.

У межах праграмы стыпендыят зрэалізуе ўласны аналітычны праект, пройдзе адукацыйны курс і наладзіць кантакты з беларускімі і замежнымі партнёрамі. Прапанаваныя самастойныя даследчыя праекты павінны быць працягам даследаванняў Віталя Сіліцкага і маюць служыць дапаможным рэсурсам для людзей, якія хацелі б ператварэння Беларусі ў дэмакратычную краіну.

Праграма абвяшчаецца ў супрацоўніцтве з Фондам імя Віталя Сіліцкага, Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (BISS) і Бізнес-школай ІПМ, якая зладзіць кароткатэрміновы адукацыйны курс для абранага ўдзельніка праграмы.

Абраны ўдзельнік атрымае стыпендыю.

Крытэрыі адбору

Fellowship скіравана да прадстаўнікоў акадэмічнай сферы, арганізацый грамадзянскай супольнасці, устаноў бізнесу, медыяў і дзяржаўных органаў, якія маюць выразныя дасягненні ў сваіх сферах. Мы шукаем новых лідараў, якія маюць не больш за 35 гадоў і дагэтуль не ўваходзілі ў каманду Цэнтра новых ідэй.

Цэнтр новых ідэй не будзе вымагаць ад Fellow адмовіцца ад сваіх працоўных абавязкаў, але мы чакаем, што стыпендыят будзе прысвячаць дастатковую колькасць свайго часу праграме ў Цэнтры новых ідэй.

Неабходныя дакументы для падачы на ўдзел у праграме

  • – рэзюмэ (не болей за дзве старонкі);
  • – матывацыйны ліст з апісаннем уласнага аналітычнага праекта і звесткамі пра пытанні і метады даследавання (не болей за 1000 словаў);
  • – спіс найважнейшых публікацый.

Заяўкі прымаюцца на silitskifellowship@gmail.com да 1 траўня 2020 года. 

Пра Віталя Сіліцкага

Віталь Сіліцкі (1972-2011) – адзін з найлепшых палітолагаў свайго пакалення на постсавецкай прасторы. Віталь быў першым дырэктарам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS), даследчыкам у Стэнфардскім універсітэце і Нацыянальным фондзе ў падтрымку дэмакратыі. Да распрацаваных ім канцэпцый належаць “прэвентыўны аўтарытарызм” і “аўтарытарны інтэрнацыянал”. Болей пра Віталя можна даведацца на адмысловай старонцы.