Навучыся кіраваць некамерцыйнай арганізацыяй!

Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый запрашае прыняць удзел у трэнінгу “Менеджмент НКА: місія, каштоўнасці і падыходы да кіравання”.

У лістападзе экспертка з ЗША Эбі Інгрэм падзеліцца практыкамі развіцця арганізацыйнага патэнцыялу і менеджменту некамерцыйных арганізацый на трэнінгах ў чатырох беларускіх гарадах.

Трэнінгі будуць карысныя тым, хто прадстаўляе некамерцыйныя арганізацыі і ініцыятыўныя групы з невялікім вопытам работы, а таксама для вопытных арганізацый, якія хочуць навучыць сваіх новых членаў.

На трэнінгах будуць разгледжаны наступныя аспекты:

  • як даступна сфармуляваць місію арганізацыі на аснове ключавых каштоўнасцяў і патрэбаў мэтавай аўдыторыі;
  • як заснаваць, пашыраць ці рэканструяваць структуру арганізацыі, пазбягаючы тыповых памылак;
  • як эфектыўна выкарыстоўваць і размяркоўваць рэсурсы: сацыяльныя, чалавечыя, фінансавыя;
  • як выбудаваць трывалыя ўзаемадзеянні са стэйкхолдэрамі;
  • як стварыць і структураваць стратэгіі па зборы сродкаў і зацікавіць донараў.

Хто будзе эксперткай?

Эбі Інгрэм, штат Мэн, ЗША. Спецыялістка ў сферы бізнес-камунікацыі і кіравання некамерцыйнымі арганізацыямі. Эбі працавала з такімі арганізацыямі як SydneyWater, дзе дзякуючы яе ўдзелу была падтрымана ініцыятыва на правядзенне Алімпійскіх гульняў у Сіднэі (2000 г.), Сусветная асацыяцыя маладых хрысціянскіх жанчын (World YWCA) у Жэневе, Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, Міжнародная арганізацыя працы і інш. Як экспертка ў галіне навучання і кансультавання НКА, Эбі кіруецца дзвюма асноўнымі стратэгіямі: забеспячэнне хуткага арганізацыйнага развіцця праз удасканаленне стратэгій камунікацый і навучанне таму, як ствараць трывалае ўзаемадзеянне са стэйкхолдэрамі.

Калі і дзе?

Усяго адбудзецца пяць ідэнтычных трэнінгаў ў чатырох абласных гарадах. Вы зможаце паўдзельнічаць толькі ў адным з іх:

13-14 лістапада, Мінск (для ўдзельнікаў з Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцей);
16-17 лістапада, Брэст (для Брэсцкай вобласці);
19-20 лістапада, Гродна (для Гродзенскай вобласці);
23-24 лістапада, Мінск (для Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцей);
27-28 лістапада, Гомель (для Гомельскай вобласці).

Калі вам не падыходзіць дата правядзення трэнінгу ў вашай вобласці, але вы вельмі хочаце прыняць удзел, пры падачы заяўкі вы зможаце адзначыць зручную дату. Аднак прыярытэт пры наборы ўдзельнікаў будзе аддадзены прадстаўнікам/ніцам названага рэгіёну.

Умовы ўдзелу

Удзел бясплатны, неабходна запоўніць анкету па спасылцы да 8 лістапада ўключна. Дэталёвую інфармацыю пра месца правядзення трэнінгаў мы паведамім адабраным удзельнікам і ўдзельніцам не пазней за 10 лістапада.

На трэнінгах будзе забяспечаны пераклад з англійскай на рускую ці беларускую мовы. Арганізатары забяспечваюць харчаванне і пражыванне для іншагародніх. Транспартныя выдаткі ўдзельнікаў не пакрываюцца. Па ўсіх пытаннях звяртайцеся па электроннай пошце oeec.ngo@gmail.com.

Трэнінгі праводзяцца Офісам еўрапейскай экспертызы і камунікацый у партнёрстве з Пасольствам ЗША ў Рэспубліцы Беларусь.