Навучыся пазнаваць птушак анлайн!

Вывучыць 40 відаў самых распаўсюджаных птушак гарадоў Беларусі цяпер можна дзякуючы дыстанцыйнаму курсу ад грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Дыстанцыйны курс «Птушкі горада» распрацаваны для тых, хто хоча далучыцца да бёрдвочынгу —назірання за птушкамі. Пазнаёміўшыся з асноўнымі відамі анлайн, вы зможаце заўважаць і адрозніваць іх у прыродзе.

 

«Калі чалавек упершыню чуе пра бёрдвочынг як хобі, першая рэакцыя — «нее, я ж не ведаю птушак!». Але бёрдвочарамі не нараджаюцца, а здольнасць заўважаць і адрозніваць розныя віды птушак прыходзіць з досведам. Прасцей за ўсё пачаць з тых, хто лётае вакол па дарозе дадому, на працу ці вучобу, — і наш курс у гэтым дапаможа, бо ён уключае птушак, якія сустракаюцца амаль у любым горадзе. Трохі тэорыі, праверка ведаў з дапамогай тэстаў і практыка ў час штодзённай прагулкі — простыя крокі насустрач птушкам! Важнае папярэджанне: будзьце асцярожныя, назіранні за птушкамі захопліваюць і зацягваюць!», — каментуе Карына Салавей, кіраўніца аддзела развіцця АПБ

Курс бясплатны, каб яго прайсці, трэба толькі зарэгістравацца па спасылцы. Ён складаецца з чатырох модуляў: «Ля вады», «Ля дома», «У парку», «Зімой». Гэтыя модулі можна праходзіць у любым парадку. Калі ўсе яны пройдзеныя, адкрываецца доступ да фінальнага тэсту. Здаўшы яго паспяхова, вы атрымаеце іменны электронны сертыфікат, які можна раздрукаваць самастойна.

Дыстанцыйны курс па асновах бёрдвочынгу — частка ініцыятывы «Будзь здаровы з птушкамі!», якая рэалізуецца ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь» («БЕЛМЕД»), які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА у парнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.