Новы навучальны курс ад БАЖ, каб стаць больш эфектыўным

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” запрашае на адукацыйны курс “Эфектыўныя прэс-службы”.

Калі вы хочаце, каб пра вашу кампанію ці арганізацыю дазналася як мага больш людзей, але не ведаеце, з чаго пачынаць, калі ў вас ёсць жаданне заняць прывабнае месца ў  беларускай медыяпрасторы ў якасці крутых спецыялістаў і, нарэшце, калі вы не думаеце, што ведаеце пра піяр усё — далучайцеся да курса.

Пасля яго заканчэння ўдзельнікі будуць ведаць:

  • з чаго пачынаецца прэс-служба, як яна выбудоўваецца і як эфектыўна кіраваць ёй;
  • як знайсці “сваіх” журналістаў і як стаць “сваімі” для патрэбных вам СМІ;
  • якую інфармацыю СМІ будуць чакаць ад вас і задавальненнем выкарыстоўваць;
  • у якім выпадку правесці прэс-канферэнцыю, а калі — круглы стол ці наогул медыясняданак;
  • якія “фішкі” дазволяць стаць самым запамінальным падчас удзелу ў публічнай дыскусіі ці асабістага выступлення на публічным мерапрыемстве;
  • чаму стратэгічнае планаванне інфармацыйнай дзейнасці дапамагае хутка арыентавацца, калі ў вас сто спраў на тыдзень;
  • як прымусіць сацсеткі “танчыць пад вашу дуду”;
  • як крок за крокам ствараць брэнд сваёй арганізацыі.

Падчас курса кожны ўдзельнік пад кіраўніцтвам трэнераў падрыхтуе ўласны праект (медыястратэгію мерапрыемства ці кампаніі), зарыентаваны на патрэбы сваёй арганізацыі.

Пасля курсу “Эфектыўныя прэс-службы” ўдзельнікі здолеюць адчуваць сябе больш упэўнена ў медыяпрасторы і быць больш папулярнымі ў беларускім грамадстве.

Трэнеры і эксперты:

  • Аляксандр Люшкевіч, PR/медыяспецыяліст Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў;
  • Вольга Герасенка, кіраўнік аддзела рэкламы і камунікацый ААТ “Авіякампанія “Белавія”;
  • Таццяна Кнацько, PR-мэнэджэр ММАЦ імя Й.Раў;
  • Крысціна Мурашова, дырэктарка Установы “Студэнцкая фабрыка думкі” (БОСС);
  • Вольга Сталярова,  PR-спецыяліст міжнароднага фонду ІДЭЯ;
  • Андрэй Эзерын, дырэктар Камунікацыйнага агенцтва EZERIN`COM

Да ўдзелу запрашаюцца прэс-сакратары і супрацоўнікі прэсавых служб недзяржаўных арганізацый, дзяржаўных і бізнэс-устаноў, журналісты, якія працуюць у галіне камунікатыўных адносін з грамадствам.

Курс “Эфектыўныя прэс-службы” распачнецца 11 сакавіка 2017 года і і завершыцца — 29 красавіка 2017-га. Складаецца з сямі заняткаў, якія правядуць беларускія прафесіяналы, і майстар-класу замежнага трэнера. Заняткі будуць праходзіць раз на тыдзень па суботах з 11:00 да 14:45.

Заяўкі на ўдзел ў навучальным курсе “Эфектыўныя прэс-службы” прымаюцца па электроннай пошце на адрас baj@baj.by (з пазнакай PR) да 6 сакавіка 2017 года.

Заяўка павінна ўтрымліваць:

  • кароткі расповед пра сябе (не больш за 1 000 знакаў);
  • абгрунтаванне свайго жадання ўдзельнічаць у курсе.

Колькасць удзельнікаў абмежаваная.