(Не) хіпстарам прысвячаецца: лекцыя ў Галерыі TUT.BY

14 снежня ў межах праекту «Еўрапейскае кафэ – адкрытая прастора Еўропы» ў супрацы з галерэяй TUT.BY адбудзецца публічная лекцыя Віктара Вахштайна «Хіпстарскі ўрбанізм як гарадская ідэалогія».

Час – 19:00 14 снежня, лакацыя – праспект Дзяржынскага, 57, 9ы паверх.

Гарадскія даследаванні – гэта вобласць, у якой надзвычай абстрактныя філасофскія пытанні – пра сувязь мовы і прасторы, пра рацыянальнасць чалавечага дзеяння і падставы сацыяльнага парадку – змыкаюцца з канкрэтнымі праблемамі палітыкі, кіравання і планавання.

Спецыфіка гарадской прасторы заключаецца ў тым, што яна неабыякавая да спосабаў мыслення пра яе. Урбаністычныя метафары – «горад-офіс», «горад-прытулак», «горад-сцэна», «горад-лабараторыя» – існуюць адначасова ў мовах даследчыкаў, мовах жыхароў і ў самой гарадской прасторы – як частка яе тапалогіі. Выкарыстоўваючы оптыку актарна-сеткавай тэорыі (Б. Лятур, Дж. Ло, М. Калён), лектар разам са слухачамі паспрабуе прасачыць працу адной такой метафарычнай канструкцыі, якая дала пачатак гарадской ідэалогіі Масквы 2010-х – «хіпстарскаму ўрбанізму».

Пра лектара

Віктар Вахштайн – сацыёлаг, спецыяліст па сацыяльнай тэорыі, сацыялогіі паўсядзённасці і гарадскіх даследаваннях, аўтар кніг «Сацыялогія паўсядзённасці і тэорыя фрэймаў», «Справа аб штодзённасці. Сацыялогія ў судовых прэцэдэнтах», «Сацыялогія рэчаў» (рэдактар-укладальнік), галоўны рэдактар часопіса «Сацыялогія ўлады», прафесар Расійска-брытанскага ўніверсітэта ў Маскве (МВШСЭН), ганаровы супрацоўнік Манчэстэрскага ўніверсітэта (Школа адукацыі і гарадскога развіцця), дэкан філасофска-сацыялагічнага факультэта РАНГіДС.

Уваход вольны.

Мерапрыемства ў Facebook