Па дыплом бакалаўра – у Рыгу

Урад Швецыі прапануе 20 грантаў для лепшых выпускнікоў школ і студэнтаў з Беларусі, Малдовы, Украіны і Грузіі на атрыманне бакалаўрскай спецыяльнасці ў Стакгольмскай школе эканомікі ў Рызе.

Спецыяльнасць – Эканоміка і Бізнэс.

Асноўныя патрабаванні і этапы на 2017-2018 год:

  • атрымаць атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі да ліпеня 2017 года ці раней;
  • мець бал у школьным атэстаце па матэматыцы і ангельскай мове не ніжэй за “7” у 10-бальнай сістэме адзнак;
  • запоўніць анлайн-заяўку да 8 красавіка 2017 года на сайце Стакгольмскай школы эканомікі ў Рызе;
  • паспяхова здаць уступнае тэставанне 22 красавіка ў адным з гарадоў: Рызе, Кішынёве, Мінску, Кіеве, Тбілісі, Таліне, Вільні, Санкт-Пецярбургу. Тэставанне адбываецца на ангельскай мове і ўключае 3 часткі: Ангельская мова, Матэматыка, Логіка;
  • прайсці сумоўе, на якое будуць запрошаны кандыдаты з лепшымі вынікамі тэставання. Сумоўе таксама адбываецца на ангельскай мове, доўжыцца 30 хвілін. Прыкладныя даты – з 8 па 19 траўня 2017 года;
  •  кандыдаты, якія паспяхова пройдуць усе этапы, будуць абвешчаны стыпендыятамі 26 траўня 2017 года, пасля чаго атрымаюць дакументы пра залічэнне.

Анлайн-заяўка складаецца з:

  • асабістых і кантактных дадзеных;
  • копіі атэстату ці выпіскі адзнак за першае паўгоддзе (для выпуснікоў 2017 года);
  • матывацыйнага ліста (400 слоў);
  • дыпломаў, сертыфікатаў, грамат, якія сведчаць пра досвед працы, дасягненні і актыўнасці кандыдата.

Наступны навучальны год пачынаецца 21 жніўня 2017 года.

Фінансавыя ўмовы

Памер фінансавай падтрымкі – 30 000 еўра. Гэтая сума пакрывае выдаткі цягам 3 гадоў навучання, уключна з коштам навучання (6 тысяч еўра на год), пражываннем ў інтэрнаце (2 тысячы еўра на год) і стыпендыяй  200 еўра штомесяц.

Усе падрабязнасці можна знайсці на афіцыйным сайце Школы.