Падай сваю адукацыйную задумку на конкурс!

У Беларусі стартаваў публічны конкурс «Дзея для адукацыi», галоўная мэта якога – сабраць лепшыя ідэі ў сферы нефармальнай і грамадзянскай адукацыі ад актыўных беларусаў з розных рэгіёнаў краіны. Конкурс праводзіцца ў рамках грамадскай кампаніі «Вучыцца, каб дзейнічаць». Прыём заявак на конкурс адкрыты з 9 па 18 кастрычніка 2018 года.

Сёння беларусы не заўсёды маюць магчымасць прайсці арганізаванае навучанне (хай і без афіцыйных дакументаў аб адукацыі) у сваім горадзе, вобласці або раёне, каб быць больш запатрабаваным на рынку працы і свядома ўдзельнічаць у жыцці мясцовай супольнасці. Звычайна ўсе навучальныя цэнтры знаходзяцца ў сталіцы альбо ў абласных гарадах.

Конкурс «Дзея для адукацыi» ахоплівае ўсе беларускія рэгіёны (за выключэннем сталіцы). Удзельнічаць у конкурсе можа любы жадаючы, хто бачыць у нефармальнай адукацыі эфектыўны інструмент вырашэння лакальных праблем, у каго ёсць арыгінальная ідэя курса, адукацыйнага вэб-сайта, фестываля, лакальнага нарматыўнага дакумента або любая іншая ініцыятыва. Гэта можа быць прыватная асоба, ініцыятыўная група ці дзеючая арганізацыя.

Для ўдзелу неабходна падаць заяўку на конкурс, у якой апісаць ідэю, пазначыць план яе рэалізацыі і назваць арганізацыі або ініцыятыўныя групы, зацікаўленыя ў яе ажыццяўленні. Вітаюцца нестандартныя і крэатыўныя ідэі, якія пры гэтым з’яўляюцца актуальнымі і маюць падтрымку ў мясцовай супольнасці.

Ідэі, заяўленыя на конкурс, будуць ацэньвацца як прадстаўнікамі экспертнага журы, так і шляхам народнага галасавання ў некалькіх намінацыях:

  • Прыз глядацкіх сімпатый. Яго ўладальнік будзе вызначаны з дапамогай народнага галасавання, якое будзе праводзіцца онлайн з 18 па 26 кастрычніка 2018 года на сайце www.karavan.adukatar.net.
  • Прызы экспертнага журы. Экспертнае журы вызначыць уладальніка гран-пры конкурсу, а таксама уладальнікаў першага, другога і трэцяга месцаў. На гран-пры конкурсу зможа прэтэндаваць ідэя, якая мае найбольшы патэнцыял з пункту гледжання павышэння эфектыўнасці і даступнасці нефармальнай і грамадзянскай адукацыі ў беларускіх рэгіёнах і ўносіць ўклад у развіццё канкрэтнага мясцовай супольнасці.

Аўтары ідэй-фіналістаў будуць адзначаны дыпломамі і каштоўнымі прызамі, а таксама запрошаныя да ўдзелу ў мерапрыемстве “Never stop learning party”, якое пройдзе 28 кастрычніка ў Галерэі сучаснага мастацтва Ў. Лепшыя ідэі атрымаюць магчымасць быць рэалізаванымі ў 2019 годзе.

Арганізатарамі Конкурса выступяць каманда праекта «Вучыцца, каб дзейнічаць» і Аргкамітэт Каравана.

Для ўдзелу ў Конкурсе неабходна да 18 кастрычніка 2018 года запоўніць анлайн-заяўку.

Падрабязную інфармацыю аб Конкурсе можна знайсці на сайце і ў сацыяльных сетках.