Падрыхтоўчыя курсы ад ЕГУ ў Мінску і Вільні

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) запрашае вучняў старэйшых класаў і выпускнікоў беларускіх школ, гімназій ды ліцэяў да паступлення на адмысловыя курсы падрыхтоўчага года ў Вільні і Мінску.

Па выніках завяршэння гадавой праграмы слухачы курсаў будуць аўтаматычна залічаны ў склад студэнтаў універсітэта.

Падчас распрацоўкі гэтых курсаў ЕГУ ставіў перад сабой мэту стварыць адмысловы навучальны план, які дазваляе абітурыентам палепшыць узровень валодання ангельскай мовай і навыкі напісання эсэ ці выканання кампазіцыі. Інтэнсіўная 800-гадзінная праграма Курсаў таксама ўключае заняткі па ўводзінах у гуманітарныя навукі і семінары па праектнай дзейнасці, якія даюць усе неабходныя навыкі для далейшага навучання ў ЕГУ.

У 2015-16 навучальным годзе курсы падрыхтоўчага года паспяхова завяршылі 16 слухачоў, якія былі аўтаматычна залічаныя на абраныя імі бакалаўрскія праграмы ЕГУ. Тым са студэнтаў, хто прадэманстраваў найбольш высокую акадэмічную паспяховасць у восеньскім семестры, была прадстаўлена зніжка 50% на праходжанне курсаў вольнага выбару. Апроч гэтага, будучыя студэнты пачалі паўнавартаснае навучанне на абранай імі бакалаўрскай праграме і здолелі паменшыць будучую вучэбную нагрузку. Больш за тое, слухачы, якія паспяхова прайшлі Курсы, атрымалі зніжку ў 10% на свой тарыф навучання ў восеньскім семестры 2016-17 вучэбнага года.

Для паступлення на Курсы падрыхтоўчага года не патрэбна здаваць іспыты. Старшакласнікам і выпускнікам школ, гімназій і ліцэяў неабходна да 9 верасня запоўніць электронную анкету і прайсці сумоўе.

Навучанне на курсах падрыхтоўчага года цягнецца ўвесь вучэбны год і адбываецца ў двух гарадах: Вільні і Мінску.

Фінансавыя ўмовы

Гадавы кошт навучання складае €1400 (у Вільні) ці €700 (у Мінску). Слухачам курсаў, якія будуць праходзіць навучанне ў Вільні, прапаноўваецца бясплатная візавая падтрымка і магчымасць пражывання ў студэнцкім інтэрнаце.

Кантактная асоба: Максімас Мілта, maksimas.milta@ehu.lt, +370 602 65149