Падвысіць свой “сабекошт” курсам па відэа

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” запрашае журналістаў, якія жадаюць падвысіць сваё майстэрства і навучыцца працы з відэа, на курс “Стварэнне відэасюжэту ад А да Я”.

Сёння недастаткова быць проста пішучым альбо фотажурналістам – такімі здольнасцямі працадаўцаў не здзівіць.

Задача курсу “Стварэнне відэасюжэту ад А да Я — дапамагчы журналістам стаць універсальнымі: прафесійна здымаць, мантаваць відэа, самастойна шукаць тэмы сюжэтаў, працаваць у кадры і за кадрам.

Асаблівая ўвага будзе скіраваная на стварэнне паспяховага сацыяльнага відэа і спосабах прасоўвання ролікаў ў сацсетках, а таксама — на працу ў “палявых умовах”.

Пасля заканчэння курсу слухачы будуць ведаць:

  • якія формы відэа сёння ў трэндзе;
  • тэорыю драматургіі відэасюжэту;
  • якія асноўныя прыёмы робяць відэасюжэт прывабным для гледача;
  • усе складнікі паспяховага сацыяльнага відэа;
  • пералік тыповых памылак, якія нельга дапускаць падчас планавання, здымак, мантажу сюжэту;
  • як трымацца ў кадры, весці анлайн рэпартаж, рабіць апытанку ды інтэрв’ю;
  • адказ на пытанне: што патрэбна сучаснаму гледачу і як суаднесці гэта з патрабаваннямі СМІ і спонсараў (для камерцыйных сюжэтаў).

Выпускнікі курсу змогуць:

  • самастойна весці відэаздымкі, перадаваць адзнятыя матэрыялы, мантаваць;
  • якасна запісваць гук у любых умовах;
  • рабіць актуальнае і змястоўване сацыяльнае відэа, а таксама прасоўваць ролікі ў сацсетках;
  • працаваць у камандзе.

Да ўдзелу запрашаюцца журналісты, выпускнікі факультэтаў журналістыкі альбо школ маладога журналіста, а таксама студэнты, якія ўжо маюць прафесійны досвед працы ў журналістыцы, але зацікаўленыя ў тым, каб шляхам перакваліфікацыі падвысіць свой “сабекошт” на рынку працы.

Трэнеры: Алесь Баразенка, Алесь Залеўскі, Юлія Коцкая, Наста Шамрэй.

Курс распачнецца 14 студзеня 2017 года ў Мінску і скончыцца 25-26 лютага 2017 года заключнай сесіяй у Вільні для лепшых удзельнікаў пад кіраўніцтвам замежнага трэнера.

Курс складаецца з васьмі заняткаў, якія будуць праводзіцца раз на тыдзень па суботах.

Заяўкі на ўдзел ў навучальным курсе “Стварэнне відэасюжэту ад А да Я прымаюцца ад сябраў ГА “БАЖ” па электроннай пошце на адрас baj@baj.by (з пазнакай «Video»).

Ваша заяўка павінна ўтрымліваць:

1. Кароткі расповед пра сябе (не больш за 1 000 знакаў).

2. Абгрунтаванне свайго жадання ўдзельнічаць у курсе.

Дэдлайн – 10 студзеня да 23:59.