Павучыцца ў Швецыі з падтрымкай Visby Programme

Visby Programme абвяшчае прыём заявак на стыпендыяльную падтрымку студэнтаў, якія жадаюць атрымаць ступень магістра ў адным са шведскіх універсітэтаў.

Галоўная мэта Visby Programme – падтрымаць індывідуальную мабільнасць  студэнтаў і такім чынам пашырыць сетку іх кантактаў, узровень супрацоўніцтва паміж Швецыяй і краінамі Ўсходняга партнёрства ды Расіяй. Таксама праграма скіравана на тое, каб пабудаць рэгіён, заснаваны на ведах, з прагай да даследванняў і супрацоўніцтва.

У 2017-2018 навучальным годзе стыпендыю на навучанне ў магістратуры атрымаюць 50 студэнтаў з краін Усходняга партнёрства і Расіі.

Патрабаванні да кандыдатаў:

  • быць грамадзянінам/грамадзянкай Арменіі, Азербайджану, Беларусі, Грузіі, Малдовы, Расіі ці Ўкраіны;
  • абмежаванняў па ўзросце няма.

Падавацца на ўдзел у стыпендыяльнай праграме не могуць студэнты, якія:

  • жылі ў Швецыі больш за два гады да пачатку стыпнедыяльнага перыяду;
  • маюць грамадзянства Швецыі ці краін ЕЗ, Еўрапейскай эканамічнай супольнасці;
  • ужо атрымоўвалі стыпендыю Шведскага інстытута для вучобы ў магістратуры;
  • мае ступень шведскага ўніверсітэта ці каледжа;
  • на сённяшні момент вучыцца ў шведскім універсітэце ці каледжы.

Фінансавыя ўмовы

Стыпендыя аплочвае ўнёскі за вучобу, а таксама пакрывае выдаткі на пражыванне (9 000 крон на месяц). Плюс да гэтага стыпендыят атрымае фінансавую падтрымку на падарожжа ў Швецыю і дадому ў памеры 5 000 крон.

Стыпендыю можна атрымаць і выкарыстаць для вучобы на адной з праграм шведскіх навучальных устаноў, якія пачынаюцца восенню (жнівень-верасень) 2017 года.

Перыяд падтрымкі – год ці два ў залежнасці ад працягласці праграмы. Калі студэнт паступае на 1-гадовую праграму, ён мусіць падаць заяўку для таго, каб працягнуць стыпендыю і прайсці стажыроўку ў Швецыі цягам да 5 месяцаў.

Як падацца

Падача заявак на стыпендыю і на вучобу па адной з праграм у шведскім універсітэце – гэта асобныя працэсы. Неабходна ўпэўніцца, што вы зможаце падаць заяўку на магістарскую праграму да дэдлайну падачы заяўкі на стыпендыяльную падтрымку, то бок да 16 студзеня 2017 года.

Пералік магістарскіх праграм, на якія змогуць падацца кандыдаты, будзе даступны 1 снежня на сайце Праграмы. Падаваць заяўку неабходна праз нацыянальную анлайн-платформу universityadmissions.se. Тут жа можна сачыць за ўсімі апдэйтамі праграмы.

Пасля таго, як аплікант падасць заяўку на магістарскую праграму, ён атрымае 7-значны нумар. Пасля яго неабходна будзе выкарыстоўваць для падачы заяўкі на атрыманне стыпендыі ад Swedish Institute scholarship.

Для гэтага спатрэбіцца матывацыйны ліст, рэкамендацыйны ліст, CV. Іх неабходна падрыхтаваць загадзя, перад стартам падачы заяўкі на стыпендыю (1-10 лютага 2017 года).

The Swedish Institute шукае кандыдатаў, якія валодаюць інтэлектуальнымі здольнасцямі, лідарскім патэнцыялам.

Агульныя заўвагі:

  • кандыдат можа падавацца максімум на чатыры магістарскія праграмы;
  • заяўку неабходна падаваць анлайн, разам з дакументамі ў фармаце .doc, .docx ці .pdf;
  • заяўкі, якія будуць перавышаць ліміт старонак альбо характарыстык, разгледжаны не будуць;
  • фотаздымак мусіць быць такім самым, як і ў CV;
  • матывацыйны і рэкамендацыйны лісты трэба падрыхтаваць згодна з шаблонам Swedish Institute template. Іншыя фарматы будуць лічыцца дзейснымі.

Калі ў вас узніклі пытанні, іх можна адрасаваць на markus.boman@si.se.

Дэдлайн для падачы дакументаў на магістарскую праграму – 16 студзеня 2017 года.

Дэдлайн для падачы дакументаў на стыпендыяльную падтрымку – 10 лютага 2017 года.