Праграма Фулбрайт для беларускіх навукоўцаў

Амбасада ЗША ў Мінску абвяшчае штогадовы конкурс на ўдзел у Праграме імя сенатара Фулбрайта для беларускіх навукоўцаў і выкладчыкаў ВНУ на 2016-2017 навучальны год.

Праграма Фулбрайта – гэта стажыроўка для даследчыкаў, выкладчыкаў ВНУ і спецыялістаў з акадэмічных устаноў  Беларусі, якія маюць ступень кандыдата або доктара навук. Яна прадугледжвае правядзенне навуковых даследванняў і/або лектарскай дзейнасці ў амерыканскіх універсітэтах тэрмінам ад 3 да 6 месяцаў. У межах дадзенай праграмы атрыманне навуковай ступені ў ЗША не прадугледжваецца.

Зацікаўленыя кандыдаты маюць:

  • быць грамадзянамі Беларусі;
  • мець навуковую ступень як мінімум кандыдата навук або доктара навук;
  • добра валодаць ангельскай мовай.

Удзельнікі праграмы Фулбрайта ўязджаюць у ЗША па візе J-1, якая абавязвае атрымальніка вярнуцца ў краіну свайго пражывання пасля завяршэння стажыроўкі на як мінімум два гады.

Галіны даследванняў — сельская гаспадарка, амерыканістыка, біялогія, бізнэс-адміністраванне, хімія, псіхалогія, эканоміка, адукацыя, інжынірынг, экалогія, кіназнаўства, гісторыя, інфармацыйныя навукі, журналістыка, юрыспрудэнцыя, бібліятэказнаўства, матэматыка, медыцына і ахова здароўя, фізіка, паліталогія, дзяржаўнае кіраванне, сацыяльная работа, сацыялогія, выкладанне ангельскай мовы як замежнай, тэатр, горадабудаўніцтва.

Фінансавыя ўмовы

Праграма Фулбрайта спансуецца Дзярждэпартаментам ЗША. Фінансавая падтрымка прадугледжвае…

  • аплату міжнароднага пералёту;
  • штомесячную стыпендыю цягам усяго перыяду стажыроўкі;
  • набыццё навуковай літаратуры;
  • дапамогу на ўладкаванне на новым месцы;
  • штомесячную выплату на члена сям’і, які суправаджае ўдзельніка праграмы;
  • медыцынскае страхаванне.

Працэс падачы заявак

Зацікаўленыя кандыдаты павінны запоўніць анлайн-заяўку. Заяўка ўключае:

  • дэталёвае апісанне планаванай даследчай дзейнасці, тэматыкі лекцый у ЗША;
  • прафесійнае рэзюмэ;
  • тры рэкамендацыйныя лісты;
  • бібліяграфію (праграма даследаванняў) і/ці праграма курсу лекцый;
  • ліст-запрашэнне ад амерыканскага ўніверсітэта, калі такі ёсць;
  • копію пасведчання аб доктарскай або кандыдацкай ступені;
  • копію пашпарта.

Дэдлайн — 5 лістапада 2015 года.

Папярэдне абраныя кандыдаты будуць запрошаны на інтэрв’ю ў снежні, канчатковае рашэнне стане вядомым напачатку 2016 года.

Падрабязнае апісанне праграмы шукайце тут.