Праграма Youth Power для тых, хто верыць у сілу моладзі

Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый вырашыў зрабіць крутую праграму Youth Power для моладзевых лідараў, лідарак, працаўнікоў і працаўніц з моладдзю з Беларусі. Таму што вераць, што за маладымі людзьмі сіла, энергія і крэатыўная будучыня.

Калі вам ад 16 да 35 гадоў і вы арганізуеце мерапрыемствы для маладых людзей ці плануеце пачаць гэта рабіць – тэрмінова падавайце заяўку на ўдзел да 20 лістапада 2019.

Навошта навучаць моладзь?

Часта маладыя людзі ўспрымаюцца толькі як удзельнікі і ўдзельніцы праграм: «дарослыя» прапаноўваюць ідэю, а моладзь толькі выконвае канкрэтныя заданні. І гэта несправядліва!

Каманда Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый лічыць, што ў маладых людзей таксама ёсць ідэі і сваё бачанне вырашэння праблем. Але часта ім не хапае рашучасці, вопыту ці ведаў.

Таму яны хочуць перавярнуць гэтую сістэму з ног на галаву: вы самі зможаце агучваць праблемы, якія вас хвалююць, і шукаць унікальныя спосабы іх вырашэння, а потым яшчэ і размяркоўваць рэсурсы на рэалізацыю моладзевых ініцыятыў.

Для каго гэтая крутая праграма

Запрашаюць усіх людзей ва ўзросце ад 16 да 35 гадоў, хто з’яўляецца актывістам або актывісткай, валанцёрам або валанцёркай моладзевых і іншых некамерцыйных арганізацый або ініцыятыў, а таксама тых, хто не прадстаўляе моладзевыя арганізацыі, але працуе з моладдзю.

Цяпер падрабязней пра Youth Power 

Курс у першую чаргу накіраваны на людзей, гатовых працаваць з моладдзю:

– праводзіць для іх трэнінгі па ўдзеле, крытычным мысленні, бяспечных паводзінах у Інтэрнэце, супрацоўніцтве, здзяйсняць дапамогу ў стварэнні мерапрыемстваў і ініцыятыў, суправаджаць моладзевыя групы. 

Курс рыхтуе мультыплікатараў і мультыплікатарак – тых, хто будзе працаваць з маладымі людзьмі і ўзмацняць іх пазіцыю і ўдзел у грамадстве.

Пасля навучання вы зможаце:

  • развіць свае лідарскія кампетэнцыі і знайсці аднадумцаў і аднадумак па ўсёй Беларусі,
  • правесці для моладзі воркшопы/трэнінгі,
  • дапамагчы маладым людзям распрацаваць і рэалізаваць свае ідэі і знайсці рэсурсы.

Youth Power уключае ў сябе тры двухдзённыя трэнінгі і практычныя заданні. Практычныя (хатнія) заданні – гэта правядзенне трэнінгаў/воркшопаў для маладых людзей на месцах: у сваёй арганізацыі, школе, супольнасці, горадзе, а таксама ментарства (суправаджэнне) моладзевых ініцыятыў.

Навучанне пачнецца ў снежні 2019 і скончыцца ў сакавіку 2020. А вось ваша праца ў якасці мультыплікатараў пройдзе са студзеня да жніўня 2020.

Трэнінг 1 «Як рабіць сумесна, а не замест: грамадзянскі ўдзел і нефармальная адукацыя моладзі» (7-8 снежня 2019 года)

На трэнінгу вы разбярэцеся, што такое нефармальная адукацыя, яе падыходы і каштоўнасці. А яшчэ навучыцеся праводзіць трэнінгі/воркшопы па моладзевым удзеле, крытычным мысленні, бяспечных паводзінах у Інтэрнэце і інш., заснаваныя на падыходах і метадалогіі нефармальнай адукацыі.

Трэнінг 2 «Як можа ўдзельнічаць і ўплываць моладзь: прынцып роўны роўнаму» (1-2 лютага 2020 года)

На гэтым трэнінгу вы даведаецеся, што такое моладзевы ўдзел, механізмы ўдзелу. І прааналізуеце практычны досвед працы з моладдзю на месцах. Makethon («мэйкатон» ад англ. to make рабіць, marathon марафон) (14-15 сакавіка 2020 года)

Своеасаблівы марафон, на якім каманды маладых людзей будуць распрацоўваць ідэі сваіх ініцыятыў/мерапрыемстваў. Дзе вы, удзельнікі і ўдзельніцы курсу, выступіце як ментары і ментаркі і будзеце прымаць рашэнне пра тое, якія ініцыятывы падтрымаць фінансава.

Трэнінг 3 «Як рэалізоўваць моладзевую ініцыятыву» (28-29 сакавіка 2020 года)

На фінальным трэнінгу вы разбярэцеся, што такое моладзевая ініцыятыва, як яе суправаджаць, і самае галоўнае – якая роля ментара і ментаркі на кожным этапе.

Умовы ўдзелу

Удзел у кожным этапе навучання і выкананне практычных заданняў абавязковы.

Трэнінгі пабудаваныя на двух прынцыпах нефармальнай адукацыі: актыўны ўдзел і навучанні ў групе.

Трэнінгі пройдуць у г. Мінску або ў Мінскім раёне. Арганізатары пакрываюць выдаткі па пражыванні, харчаванні, падрыхтоўцы раздатачных матэрыялаў, прадастаўленні матэрыялаў, неабходных для правядзення мерапрыемстваў на месцах; дарожныя выдаткі ўдзельнікаў не пакрываюцца.

Удзельнікі і ўдзельніцы праграмы часткова пакрываюць выдаткі, звязаныя з правядзеннем трэнінгаў. Арганізацыйны ўнёсак складзе 10 BYN (беларускіх рублёў) за кожны трэнінг. Калі вы не можаце аплаціць удзел у праграме, адзначце гэта пры запаўненні анкеты, і вам прапануюць альтэрнатыўны варыянт на выбар: валанцёрства, публікацыю для прасоўвання праграмы ў сацыяльных сетках або запіс матывацыйнага відэа.

Кантактны е-мэйл, па якім можна звяртацца па пытаннях, звязаных з удзелам у праграме: oeec.ngo@gmail.com 

Як падаць заяўку на ўдзел

Для ўдзелу ў праграме запоўніце анкету не пазней, чым 20 лістапада 2019 года (уключна).

Адбор кандыдатаў і кандыдатак будзе адбывацца на аснове заявак, з улікам матывацыі, магчымасцяў удзелу ва ўсіх этапах праграмы і правядзення воркшопаў/трэнінгаў на месцах. Вам паведамяць пра вынікі адбору не пазней, чым 28 лістапада 2019 года.

Праграму рэалізуе асветніцкая ўстанова «Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый» у партнёрстве з Міжнароднай некамерцыйнай арганізацыяй Pact, якая падтрымліваецца Агенцтвам ЗША па міжнародным развіцці (USAID)