Праект для актыўных у Аўстрыі

17-24 ліпеня аўстрыйская арганізацыя Youth In Progress Austria запрашае ў Deutschlandsberg на першую міжнародную навучальную сустрэчу пад назвай “Standart Protocol Procedure”, прысвечаную сацыяльнаму ўключэнню людзей з інваліднасцю, у першую чаргу моладзі.

Праект прадугледжвае знаёмства моладзевых лідараў і грамадскіх актывістаў са стандартамі, якія дазвалялі б людзям з інваліднасцю браць актыўны ўдзел у мерапрыемствах нароўні з тымі асобамі, у якіх няма фізічных абмежаванняў.

Праект складаецца з 3 частак:

  • 17-24 ліпеня 2016 года – навучальная сустрэча 17 моладзевых лідараў і грамадскіх дзеячоў, дзе прадстаўнікі грамадскіх арганізацый даведаюцца пра тое, як зрабіць уласныя праекты і мерапрыемствы даступнымі для людзей з інваліднасцю;
  • жнівень-кастрычнік – прымяненне атрыманых ведаў на практыцы пры правядзенні ўласных праектаў;
  • лістапад – падагульняючая навучальная сустрэча ў Аўстрыі, дзе прадстаўнікі падзеляцца атрыманым досведам правядзення мерапрыемстваў, адаптаваных да патрэбаў людзей з фізічнымі абмежаваннямі.

Удзельнік мусіць прымаць удзел ва ўсіх трох фазах праекту.

Фонд «Добрая воля» (Польшча) запрашае аднаго прадстаўніка грамадскай супольнасці з Беларусі далучыцца да дадзенага праекту.

Знайсці план мерапрыемства і больш падрабязнае апісанне можна па спасылцы.

Патрабаванні да кандыдата:

  • магчымасць актыўна ўдзельнічаць цягам усяго праекту – ліпень-лістапад 2016 года;
  • узрост – ад 18 гадоў;
  • наяўнасць шэнгенскай візы (ці магчымасць аформіць яе самастойна) – у выпадку патрэбы аўстрыйскі арганізатар можа даслаць запрашэнне;
  • прымальнае валоданне ангельскай мовай (працоўная мова сустрэчы);
  • зацікаўленасць тэматыкай праекту.

Фінансавыя ўмовы

Арганізатары забяспечваюць пражыванне, харчаванне і даезд да месца правядзення (Польшча-Аўстрыя-Польшча). Пра даезд да Польшчы ўдзельнік мусіць паклапаціцца самастойна. Рэгістрацыйны ўнёсак – 40 еўра (уносіцца перад правядзеннем першай сустрэчы).

Падрабязнасці падачы заяўкі – тут.

Дэдлайн – 10 чэрвеня 2016 года.