РАДА прымае заяўкі у “Акадэмію Першых 2020”

Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА” запрашае прадстаўнікоў і
прадстаўніц некамерцыйных моладзевых арганізацый і ініцыятыў да ўдзелу ў
доўгатэрміновай адукацыйнай праграме “Акадэмія Першых 2020”, скіраванай на
развiццё i павышэнне патэнцыялу моладзевых арганізацый і ініцыятыў.

Гэта праграма для вас, калі:
● вы (ваша арганізацыя/ініцыятыва) маеце сфармаваную ідэю праекту ці кампаніі
і гатовыя працаваць з ёй на працягу праграмы;
● вы хочаце падвысіць патэнцыял сваёй арганізацыі/ініцыятывы ў розных
накірунках: праектны менеджмент, піяр, унутраная камунікацыя, арганізацыйнае
развіццё, пошук рэсурсаў;
● вам цікава рухацца наперад i пашырыць інфармаванасць пра сваю дзейнасць,
прыцягваць новых актывістаў і актывістак, валанцёраў і валанцёрак;
● вы зацікаўленыя ў наладжванні новых кантактаў і кааперацыі з арганізацыямі і
ініцыятывамі моладзевага (і не толькі) сектара;
● вам хочацца развіць персанальныя і прафесійныя здольнасці;
● вы гатовыя паставіць у прыярытэт удзел у праграме і прысвячаць ёй
неабходную колькасць часу.

Фармат праграмы: ад кожнай арганізацыі/ініцыятывы ў праграме прымае ўдзел 1
прадстаўнік ці прадстаўніца, які ці якая наведвае групавыя навучальныя трэнінгі,
сустракаецца і атрымлівае анлайн-кансультацыі ад экспертаў i экспертак,
Сакратарыята РАДА.

Удзельнiкi і ўдзельніцы выконваюць хатнія заданні, транслююць атрыманыя веды і
абмяркоўваюць далейшыя дзеянні ў сваёй арганізацыі/ініцыятыве і напрыканцы маюць
магчымасць атрымаць падтрымку на рэалізацыю сваёй праектнай ідэі!
Ментарская праграма ў гэтым годзе будзе арыентавана на індывідуальны запыт.

Да ўдзельніка ці ўдзельніцы праграмы будзе падбірацца ментар ці ментарка ў
залежнасці ад патрэб і праектных задач арганізацыі/ініцыятывы. Ментар ці ментарка на
працягу года будзе суправаджаць вас і вашу ідэю да моманту яе рэалізацыі, даваць
парады і маральна падтрымліваць.

Экспертамi i эксперткамi Акадэмii стануць лепшыя практыкi грамадскага сектара
Беларусi.

Калі: травень 2020 – верасень 2021
Дзе: Мінск, абласныя цэнтры.
Для каго: прадстаўнікі і прадстаўніцы некамерцыйных моладзевых
арганізацый/ініцыятыў ( 1 прадстаўнік ці прадстаўніца ад арганізацыі/ініцыятывы).

Удзел бясплатны. Магчыма кампенсацыя дарожных выдаткаў для іншагародніх
удзельнікаў і ўдзельніц.

Каб прыняць удзел у праграме, неабходна да 25 сакавiка ўключна запоўніць анлайн-анкету.

Вынікі адбору будуць вядомыя не пазней за 20 красавiка 2020.

З пытаннямі наконт удзелу ў праграме можна звяртацца на электронную пошту
info@rada.fm.