Развіццё адукацыйнай платформы: варкшоп Лятучага

Лятучы ўніверсітэт запрашае апантаных арганізатараў і прадстаўнікоў ініцыятыў на варкшоп па развіцці сваёй дыстанцыйнай платформы.

Калі: 17-18 лютага 2017 года. Дзе: Мінск.

У снежні мінулага года ўніверсітэт запусціў платформу для дыстанцыйнай адукацыі, якая існуе зараз у пілотным рэжыме. З мэтай далейшага ўдасканальвання і развіцця Лятучы ўніверсітэт ладзіць варкшоп для тых, хто гатовы да суўдзелу ў развіцці платформы як новага інструманта дыстанцыйнай адукацыі, а таксама да выкарыстання яе ў сваёй адукацыйнай дзейнасці, стварэння і размяшчэння сваіх курсаў і лекцый на платформе.

У праграме:

  • прадстаўленне платформы і яе магчымасцяў;
  • абмеркаванне формаў далучэння новых арганізацый, ініцыятываў ці асобных людзей да развіцця і супольнага кіравання платформай;
  • распрацоўка механізму адбору курсаў для платформы;
  • абмеркаванне патрабаванняў да відэа-курсаў і ідэяў бліжэйшых курсаў ды лекцый;
  • планаванне прасоўвання платформы сярод мэтавай аўдыторыі (стварэнне PR-стратэгіі) ды інш. С папярэднімі патрабаваннямі да відэа-курсаў можна азнаёміцца па спасылцы.

Да ўдзелу запрашаюцца прадстаўнікі арганізацый і ініцыятыў, якія ўжо маюць досвед стварэння сваіх дыстанцыйных адукацыйных курсаў ці маюць намер стварэння такіх курсаў у бліжэйшай будучыні, прадстаўнікоў адукацыйных арганізацый, якія выкарыстоўваюць ці жадаюць выкарыстоўваць дыстанцыйную адукацыю ў сваім навучанні, грамадскіх актывістаў, якія здымалі ці плануюць зняць свой адукацыйны курс, а таксама ўсіх, хто асабіста зацікаўлены ў развіцці платформы.

Фінансавыя ўмовы

Арганізатары забяспечваюць удзельнікаў харчаваннем, для іншагародніх будзе арганізавана пражыванне і кампенсаваны выдаткі на праезд у два бакі.

Дэдлайн падачы заяўкі – 12 лютага. Колькасць месцаў абмежаваная. Вынікі адбору будуць вядомыя не пазней за 14 лютага.

Па ўсіх пытаннях, звязаных з правядзеннем воркшопу, звяртайцеся на адрас электроннай пошты flyuniby@gmail.com з пазнакай “Варкшоп”.

Больш падрабязнасцей па спасылцы.