“Сакрэтны код” ад БАЖ

Навучальны курс “Сакрэтны код: інфармацыйныя жанры журналістыкі” запрашае журналістаў-пачаткоўцаў.

Навіны застаюцца самым запатрабаваным таварам СМІ ў эпоху інтэрнэта. «Запакоўваецца» гэты тавар звычайна ў тры асноўныя жанры: навіна, рэпартаж, інтэрв’ю. Менавіта яны інфармуюць грамадства, што, дзе, калі і як адбылося, і хто галоўны стваральнік альбо герой падзеі.

Гэта не так проста: здабываць для навінаў факты, што не ляжаць на паверхні, ствараць «эфект прысутнасці» ў рэпартажах і падчас інтэрв’ю пачуць менавіта тое, што прывабіць чытача.

Як зрабіць свой «тавар» унікальным, якраз і будуць вучаць удзельнікі падчас арыентаванага на набыццё практычнага досведу курсу «Сакрэтны код. Інфармацыйныя жанры журналістыкі» — для тых, хто толькі вучыцца журналістыцы, аднак мае вялікае жаданне стаць прафесійным рэпарцёрам.

Пасля заканчэння курса слухачы будуць ведаць:

  • дзе і як шукаць інфармацыю;
  • чым адрозніваюцца інфармацыйныя жанры ад аналітычных і мастацка-публіцыстычных;
  • што такое навіна і як журналіст павінен  будаваць сваю «піраміду»;
  • як здабыць эксклюзіў падчас прэс-канферэнцыі;
  • якія пытанні «выстрэльваюць» і як здабыць інфармацыю ў самага складанага суразмоўцы;
  • структуру рэпартажу і чым дасягаецца «эфект прысутнасці»;
  • як скарыстацца навіной шматгадовай даўніны для стварэння эксклюзіўнага журналісцкага прадукту сёння.

Пасля заканчэння курсу слухачы будуць умець:

— збіраць інфармацыю і пісаць навіны;

— карыстацца прафесійнымі прыёмамі для стварэння «эфекту прысутнасці» ў рэпартажы;

— карыстацца тэхнікай пастаноўкі пытанняў і стратэгіі інтэрв’ю, а таксама працаваць са складанымі суразмоўцамі і ў складаных сітуацыях.

Да ўдзелу запрашаюцца:

  • журналісты-пачаткоўцы;
  • выпускнікі факультэтаў журналістыкі альбо школ маладога журналіста;
  • студэнты з Мінска і рэгіёнаў.

Удзельнікаў чакаюць восем майстар-класаў ад уласных карэспандэнтаў міжнародных агенцтваў навін, а таксама вядомых беларускіх журналістаў.

Лепшыя з навучэнцаў па выніках курса атрымаюць магчымасць удзелу ў семінары за мяжой у верасні 2016 года.

Курс «Сакрэтны код. Інфармацыйныя жанры журналістыкі» распачнецца 28 траўня і скончыцца 16 ліпеня. Ён складаецца з васьмі заняткаў у Мінску і майстар-класа замежнага трэнера ў Вільні, які пройдзе ў верасні.

Заняткі будуць праводзіцца па суботах з 11:00 да 14:00.

Як падацца

Заяўкі на ўдзел у навучальным курсе прымаюцца па электроннай пошце на е-адрас baj@baj.by (з пазнакай «Information») да 24 траўня.

Заяўка павінна ўтрымліваць:

  • кароткі расповед пра сябе (не больш за 1 000 знакаў);
  • абгрунтаванне свайго жадання ўдзельнічаць у курсе.