Што не так з архітэктурнай спадчынай: адкрытая лекцыя Лятучага

Лятучы ўніверсітэт запрашаюць на публічную лекцыю Сцяпана Стурэйка “Што не так з архітэктурнай спадчынай: на парозе перавароту” з цыклу “Ўяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні”.

Калі: 9 снежня, 18:30.
Дзе: Галерэя Ў (праспект Незалежнасці, 37а).

“Помнік гісторыі і архітэктуры, ахоўваецца дзяржавай” – з’яўленне такой шыльды на будынку не толькі надае яму іншы статус, рэгламентуе прапісаныя законам правілы карыстання, паводзінаў, але асаблівым чынам змяняе саму гарадскую прастору, гарадское асяроддзе. Далёка не заўсёды гэта ідзе на карысць гораду, а часам наадварот –  рэстаўрацыя, кансервацыя ці аднаўленне “помніка гісторыі” замінае гарадскому развіццю.

Калі раней статус помніка надаваўся толькі “выбітным дасягненням” эпохі, то зараз эксперты змяняюць оптыку і знаходзяць унікальнасць у тыповых пабудовах. А гэта значыць, што па меры паслядоўнага ўсведамлення каштоўнасці будынкаў папярэдніх эпох колькасць гістарычных помнікаў будзе непазбежна расці. Ці не стамілася ўжо чалавецтва ад кансервацыі? Бум помнікаў, індустрыя забаў і турызму, тэхналагічны пераварот, глабальныя адносіны і поп-культура імкліва зводзяць спадчыну з зоны нацыянальнага інтарэсу і экспертнага поля. Але куды прыводзяць?

  • Што не так з архітэктурнай спадчынай?
  • Наколькі адэкватная класічная канцэпцыя помніка новым умовам?
  • І ці варта нам у Беларусі адмахвацца ад новага разумення спадчыны, працягваючы гнацца за міражамі аховы помнікаў?

Уваход вольны!