Стажыроўка ў Нямеччыне ці абмен досведам у Беларусі

БНМС “РАДА” сумесна з нямецкай моладзевай арганізацыяй djo-Deutsche Jugend in Europa пачынаюць штогадовы набор на Міжнародную праграму стажыровак у галіне працы з моладдзю і дзецьмі.

Праграма дае магчымасць прайсці стажыроўку ў моладзевай арганізацыі ў Нямеччыне ці запрасіць у вашу арганізацыю прафесіяналаў / прафесіяналак і актывістаў / актывістак у галіне моладзевай працы з Нямеччыны для абмену вопытам. На 2018 год адкрытыя 6 месцаў: для 3-ох стажораў і стажорак з Нямеччыны і 3-ох з Беларусі. Першыя абмены могуць пачацца ўжо ў траўні 2018 года.

Мэта праграмы – садзейнічанне інтэнсіўнаму абмену вопытам у працы з дзецьмі і моладдзю, стварэнне ўмоў для планавання сумесных міжнародных праектаў. У доўгатэрміновай перспектыве праграма робіць унёсак у далейшае развіццё міжнароднай моладзевай працы ў краінах-партнёрах з дапамогай павышэння кваліфікацыі і нетворкінгу людзей, што занятыя ў моладзевай сферы.

Хто можа стаць стажорам / стажоркай?
У праграме могуць прымаць удзел супрацоўнікі / супрацоўніцы і валанцёры / валанцёркі моладзевых арганізацый-сябраў “РАДА”, а таксама іншых моладзевых арганізацый і ініцыятыў. Прыярытэт пры адборы заявак будзе аддавацца сяброўскім арганізацыям “РАДА”.

Патрабаванні да стажораў / стажорак з Беларусі

  • Узрост ад 18 гадоў;
  • Веданне нямецкай ці англійскай мовы;
  • Вопыт працы / валанцёрская актыўнасць у сферы працы з моладдзю.

Працягласць стажыроўкі
Стажыроўка можа доўжыцца ад 3-x да 4-х тыдняў у перыяд з траўня па снежань 2018.

Патрабаванні да арганізацыі, якая прымае

  • арганізацыі , якія прымаюць у Беларусі – сяброўскія арганізацыі “РАДА”, а таксама іншыя моладзевыя арганізацыі;
  • арганізацыі , якія прымаюць у Нямеччыне – сябры djo-Deutsche Jugend in Europa на федэральным і рэгіянальным узроўнях.

Фінансавыя ўмовы

Стажорам / стажоркам забяспечваецца бясплатнае пражыванне (пераважна ў гасцявой сям’і). Праца ў межах стажыроўкі не аплачваецца. Нямецкі бок аплачвае страхоўку і дае фінансавую дапамогу ў памеры 20 еўра ў дзень, а таксама пакрывае транспартныя выдаткі ў памеры да 250 еўра.

Каыб прыняць удзел, трэба даслаць на адрас international@rada.fm наступныя дакументы:

  • для арганізацый – заяўку з апісаннем плана работы стажора / стажоркі, часовымі рамкамі і неабходнымі моўнымі ведамі ў вашай арганізацыі;
  • для ўдзелу ў якасці стажора / стажоркі – рэзюмэ і матывацыйны ліст з указаннем часовых рамак стажыроўкі на англійскай ці нямецкай мове.

Дэдллайн падачы заяўкі – 31 сакавіка 2018.

Больш падрабязнасцей па спасылцы.