Стварыць уласны арт-аб’ект на Кастрычніцкай

Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» разам з НДА KulturosAmbasada пры падтрымцы Еўрапейскага саюза абвяшчае конкурс мастацкіх прац на тэму недыскрымінацыі ў межах сацыяльнага праекта «Кастрычніцкая: усё ўключана, усе ўключаны!». Мэта – зрабіць важны ўнёсак у справу ўкаранення недыскрымінацыі – роўнага, адкрытага падыходу да ўсіх людзей, незалежна ад іх расавай, палавой, узроставай, сацыяльнай, фізічнай, ментальнай і іншых ідэнтычнасцяў.

Чаго чакаюць:

Пажаданыя медыя: фатаграфія, новыя медыя (відэа-арт, саунд-арт і г.д.), інсталяцыя, перформанс ці аб’ект публічнай прасторы. Арганізатары прапануюць пры распрацоўцы праектаў упісваць іх у прастору вуліцы Кастрычніцкай.

Ужо 28 чэрвеня Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» абярэ і анансуе 5 прац, аўтары якіх атрымаюць ганарар і бюджэт на іх рэалізацыю. А госці вуліцы Кастрычніцкай змогуць іх знайсці ўжо ў ліпені ў розных месцах нашай прыязнай вуліцы і на глабальнай выставе праекта ў Галерэі сучаснага мастацтва «Ў», якая пройдзе з 9 ліпеня па 28 жніўня 2019 года.

Як падацца:

Скласці заяўку і даслаць на электронную скрыню info@ygallery.by з пазнакай «Кастрычніцкая:
усё ўключана, усе ўключаны!». Дэдлайн заявак26 чэрвеня.

Форма заяўкі:

  • кароткае CV мастака, спасылка на сайт/партфоліа;
  • апісанне ідэі працы/праекта (не больш за старонку тэксту);
  • эскіз працы з указаннем тэхнікі выканання;
  • бюджэт на рэалізацыю (прыблізны кошт рэалізацыі).

Больш інфармацыі – тут.