Стыпендыі для беларусаў у Беларусі ад KAS

Рэгіянальны офіс фундацыі Конрада Адэнаўэра Беларусь (KAS Belarus) абвяшчае конкурс для беларускіх студэнтак і студэнтаў на атрыманне стыпендый.

Кандыдаты мусяць вучыцца ў магістратуры ці рабіць кандыдацкае даследванне ў адной з беларускіх ВНУ альбо ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні.

Стыпендыяльная праграма доўжыцца 12 месяцаў (але існуе магчымасць яе падоўжыць). На працягу года стыпендыяты будуць атрымоўваць запрашэнні на адмысловыя кансультацыйныя семінары, падрыхтаваныя ў адпаведнасці з іх інтарэсамі. Таксама ім прапануецца ўдзел у іншых мерапрыемствах фундацыі, скіраваных на паглыбленне ў гісторыю, эканоміку, палітыку, грамадазнаўства.

Стыпендыя KAS – гэта не выключна фінансавая падтрымка: яна ўключае суправаджальныя семінары па спецыяльнасці ці мерапрыемствы, скіраваныя на асобаснае развіццё.

Памер фінансавай часткі стыпендыі – 150 еўра.

Фундацыя падтрымлівае:

  • навучэнцаў з выдатным поспехамі, якія жадаюць удзельнічаць у палітычным ці сацыяльным жыцці грамадства;
  • студэнтаў усіх спецыяльнасцей і акадэмічных накірункаў, якія маюць беларускае грамадзянства.
Чаго чакаюць ад кандыдатаў:
  • выдатных поспехаў у школьным і студэнцкім жыцці, а таксама жадання і гатоўнасці выйсці за межы стандартаў у іх дысцыплінах;
  • цікавасць да каштоўнасцей, якіх прытрымліваецца KAS, да іх тэматыкі і значэння; гатоўнасці развівацца далей і практыкаваць цярпімасць да тых, хто думае інакш;
  • жадання быць карысным для іншых людзей і грамадства;
  • матывацыі, патэнцыялу і сацыяльных кампетэнцый.

Каб стать стыпендыятам праграмы, неабходна запоўніць анкету і напісаць матывацыйны ліст па гэтай спасылцы, а таксама даслаць адным PDF-файлам наступныя дакументы:

  • электронны пашпартны фотаздымак;
  • жыццярыс на нямецкай альбо ангельскай мовах па ўзоры;
  • сертыфікат аб валоданні ангельскай ці нямецкай мовай;
  • два рэкамендацыйныя лісты ад выкладчыкаў ВНУ з перакладам на ангельскую ці нямецкую мову;
  • падцверджанне аб залічэнні ў ВНУ (таксама з перакладам);
  • копія дыплома першага ўзроўню навучання і дадатку з адзнакамі (плюс пераклад на нямецкую ці ангельскую).

Зацікаўленыя кандыдаты мусяць падрыхтаваць дакументы, злучыўшы іх у адзін pdf-файл, і даслаць на е-адрас violeta.mycik@kas.de.

Дэдлайну на падачу дакументаў няма, яны прымаюцца цягам года. Стыпендыі прызначаюцца без перапынку.

Што пасля?

Усе кандыдаты атрымаюць альбо афіцыйную адмову, альбо запрашэнне на сумоўе ў Мінску ці Вільні.

Больш падрабязную інфармацыю можна прачытаць тут.