Стыпендыя Copernicus чакае тваёй заяўкі

422

Стыпендыяльная праграма Copernicus абвяшчае прыём заявак на вучобу ў летнім семестры 2017-2018 навучальнага года.

Калі: летні семестр 2018 года.
Дзе: Берлін / Гамбург, Нямеччына.

Да ўдзелу запрашаюцца кандыдаты з Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, а таксама цэнтральнаазіяцкага рэгіёну.

Працягласць праграмы – паўгады. Тры месяцы стыпендыят/ка будзе наведваць адну з нямецкіх ВНУ (Humboldt-Universität Berlin або Universität Hamburg) і яшчэ тры – праходзіць практыку на прадпрыемстве, у дзяржаўнай установе альбо арганізацыі.

Універсітэты прапануюць вялікую колькасць лекцый і семінараў. Чакаецца, што за час вучобы стыпендыяты атрымаюць 2-3 пасведчанні аб акадэмічных поспехах (праз напісанне курсавой працы, вусных ці пісьмовых іспытаў). Пасля гэтага ў іх будзе магчымасць прайсці практыку ў міжнародным прадпрыемстве, установе альбо арганізацыі, скіраваных у сваёй дзейнасці на Ўсходнюю Еўропу.

Патрабаванні:

  • быць студэнтам бакалаўрыяту ці магістратуры і скончыць мінімум адзін семестр;
  • добра альбо выдатна валодаць нямецкай мовай;
  • быць зацікаўленым вучобай у Нямеччыне і мець намер супрацоўнічаць з праграмай далей.

Спецыяльнасці:

  • юрыспрудэнцыя;
  • міжнародныя дачыненні, палітычныя навукі;
  • эканамічныя навукі;
  • гуманітарныя і сацыяльныя навукі;
  • прыродазнаўчыя навукі.

З пералікам неабходных для падачы заяўкі дакументаў можна пазнаёміцца тут.

Фінансавыя ўмовы

Стыпендыя практывае неабходныя выдаткі на пражыванне, страхаванне, запіс ва ўніверсітэт і грамадскі транспарт. Пражываць стыпендыяты будуць альбо ў гасцявой сям’і, альбо ў студэнцкім інтэрнаце. Таксама кожны стыпендыят атрымае грошы на кішэнныя выдаткі ў памеры 200 альбо 220 еўра (+100 еўра падчас практыкі). Праграма фінансуе выдаткі на падарожжа (танны варыянт) і візу.

Дэдлайн – 1 верасня 2017 года.

Больш падрабязнасцей можна даведацца па спасылцы.