Усходнееўрапейская школа шукае амбітных беларусаў

Усходнееўрапейская школа палітычных даследаванняў сумесна з Радай Еўропы запрашае да ўдзелу ў праграме 2017 года.

Школа арыентаваная на грамадзян Беларусі, узрост – да 35 гадоў.

Заняткі будуць адбывацца ў выглядзе трох сесій, першую з якіх плануецца правесці ў красавіку 2017 года ў Вільні, апошнюю – 6-8 лістапада ў Страсбургу (Сусветны Форум за дэмакратыю).

Кожная сесія будзе доўжыцца тры – чатыры дні. Паміж сесіямі плануецца правядзенне дыскусій, даследчых праграм і мерапрыемстваў па распаўсюджванні атрыманых ведаў. Удзел у кожнай сесіі з’яўляецца абавязковай умовай для ўдзелу ў Сусветным форуме за дэмакратыю.  Тыя, хто паспяхова пройдзе курс навучання, атрымаюць дыплом Рады Еўропы.

Тэматыка заняткаў

У тэматыку заняткаў уваходзяць пытанні сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця Беларусі і іншых краін, рэформ і трансфармацый у розных краінах, еўрапейскай інтэграцыі і еўрапейскіх каштоўнасцей. Удзельнікам будуць прапанаваныя інтэрактыўныя метады працы, якія спрыяюць асабістаму развіццю. У якасці выкладчыкаў выступяць эксперты з ЕС, Беларусі і іншых краін.

Да ўдзелу запрашаюцца прадстаўнікі дзяржаўных выбарных і адміністрацыйных органаў, дзяржаўных устаноў, прадстаўнікі недзяржаўнага сектару эканомікі, грамадскіх аб’яднанняў, дзеячы навукі і адукацыі, журналісты, палітыкі, палітолагі, эканамісты, юрысты ва ўзросце да 35 гадоў, якія маюць значныя дасягненні ў прафесійнай і грамадскай дзейнасці. Як правіла, для ўдзелу неабходна мець вышэйшую адукацыю.

Фінансавыя ўмовы

Удзельнікі праграмы аплачваюць кошт Шэнгенскай візы і страхоўкі, а таксама арганізацыйныя выдаткі ў памеры 50 еўра. Астатнія выдаткі пераймаюцца арганізатарамі.

Каб стаць удзельнікам Школы, неабходна запоўніць анкету і даслаць яе разам з фотаздымкам (1000 на 1000 пікеляў), CV і кароткім рэзюмэ-матывацыяй (два абзацы) на е-адрас easteuroschool@gmail.com.

Назвы файлаў: PROZVISHCHA_IMIA_2017 (напрыклад, VASILEVICH_KATSIARYNA_2017), а пасля – _Anketa, _Photo, _CV, _brief.

Дэдлайн – 25 лютага 2017 года.