Валанцёрскія вакансіі на Балтыйскім узбярэжжы

Гродзенскае ГА “Цэнтр “Трэці сектар” разам з польскім “Цэнтрам супрацы моладзі” шукаюць валанцёраў у сацыяльны праект ў Гдыні, Польшча.

Арганізацыі запрашаюць да ўдзелу ў ЕВС-праекwt з верасня 2016 тэрмінам на 1 год.

Асацыяцыя для дзяцей і моладзі “Вітава”

Дэдлайн для заявак 1 траўня 2016, адбор да 1 чэрвеня.

Цэнтр працуе з дзецьмі з праблемных сем’яў (выхоўваюцца адным з бацькоў, праблемы з алкаголем, залежнасцямі, беспрацоўныя, малазабяспечаныя, псіхічны і фізічны гвалт у сям’і). Дзецям найперш патрэбная дапамога з вучобай і эмацыйная падтрымка. Галоўная мэта праграмы – стварыць умовы для рэгулярнага развіцця дзяцей у атмасферы бяспекі і прыняцця і дапамагчы ім адолець псіхалагічныя траўмы.

Задачы

Валанцёры будуць мець магчымасць развіваць свае захапленні і працаваць над імі разам з дзецьмі і моладдзю з Цэнтра. Яны атрымаюць досвед выкладання, дапамагаючы дзеткам з хатнімі заданнямі (напрыклад, з ангельскай мовай ці іншымі прадметамі) або ладзячы тэматычныя майстар-класы. Акрамя таго, дзякуючы штодзённай супрацы з прафесійнымі псіхолагамі і педагогамі, у валанцёраў будзе мажлівасць вучыцца ў іх і атрымліваць досвед. Яны атрымаюць досвед арганізацыі майстар-класаў і падзей для дзяцей і моладзі. Галоўнай задачай валанцёраў будзе дапамога ў працы персанала і падтрымка дзяцей у штодзённых занятках Асацыяцыі.

Крытэры адбору

Беларуская моладзь ва ўзросце ад 18 да 30 год, моладзі з Гарадзенскай вобласці будзе надавацца перавага.

Валанцёр мусіць цікавіцца працай з дзецьмі і моладдзю. Шукаем адкрытых асобаў, ахвотных дзяліцца сваёй культурай. Крэатыўнасць, цікавыя хобі, базавыя веды ангельскай і рускай мовы і жаданне вучыць польскую вітаюцца.

Заяўка

Каб паўдзельнічаць у адборы, неабходна запоўніць і адаслаць заяўку да 1 траўня на электронную пошту 3sektaryia@gmail.com з паметкай “EVS in Vitava”.

Калі

Абодва праекты пачнуцца ў верасні 2016 года і скончацца праз год у жніўні 2017.

Фінансавыя ўмовы

Усе выдаткі на праект, улічваючы транспарт, візавую падтрымку, пражыванне і харчаванне, аплочваюцца арганізатарамі.

Праекты рэалізуюцца ў межах адной з акцый праграмы Еўразвяза “Эразмус плюс” – Еўрапейская валанцёрская служба (EVS).