Валанцёрства для тых, хто любіць дзяцей (ці жадае іх палюбіць)

Славенская арганізацыя “Zavod O, zavod škofjeloške mladine” шукае валанцёраў на доўгатэрміновы EVS-праект “Zavod O – Kids in Action 3”.

Перыяд – верасень 2017 – жнівень 2018 гг. Лакацыя – Шкоф’я-Лока, Славенія.

Праект аб’ядноўвае 5 лакальных арганізацый, якія маюць агульную мэтавую групу – дзяцей ад 6 да 18 гадоў. Для ўдзелу ў праекце шукаюцца 5 валанцёраў рознай нацыянальнасці з усёй Еўропы. Яны будуць уключацца ў працу кожнага цэнтра, паказваць і паляпшаць свае навыкі, развіваць ініцыятыву, набываць новыя скілы і веды ў рэалізацыі розных актыўнасцей (варкшопы, курсы, гульні, прэзентацыі, лекцыі, індывідуальная падтрымка і г.д.). Таксама валанцёры атрымаюць магчымасць задумаць і рэалізаваць свой уласны праект.

Патрабаванні да кандыдатаў:

  • быць матываваным, гнуткім, адкрытым свету, ініцыятыўным, камунікабельным;
  • мець зацікаўленасць у працы з дзецьмі;
  • узровень ангельскай – сярэдні і вышэй (галоўнае, каб вас маглі разумець);
  • здольнасці ў музыцы, спорце, танцах, мультымедыях, рамёствах, а таксама папярэдні педагагічны досвед вітаюцца.

Фінансавыя ўмовы

Валанцёры будуць жыць у двух мэбляваных апартаментах дома, які месціцца ля галоўнай плошчы города. У кожнага будзе свой асобны пакой. Штомесяц валанцёры будуць атрымоўваць грошы на харчаванне (180 €) і кішэнныя выдаткі (85 €), а таксама праязны.

Як падацца

Каб стаць удзельнікам праграмы, неабходна даслаць сваё CV і матывацыйны ліст на е-адрас international@zavodo.org.

Дэдлайн – 15 снежня 2016 года.