Валанцёрства на тыдні дызайна: даглядаць за незвычайным павуком

194

Пад час Міжнароднага Мінскага тыдня дызайну беларускія майстры народных рамёстваў прапануюць грамадскасці зрабіць велічэзнага саламянага “павука”.

Нашы продкі вывешвалі іх перад Калядамі на самым ганаровым месцы, каб яны аберагалі хату і гаспадароў. Праз год стары “павук” спальваўся і на яго месцы з’яўляўся новы. “Павука” падвешвалі і над калыскай немаўляці, а таксама над галовамі маладых у час вяселля. Меркавалі, што ў тым доме, дзе пад столлю кружыцца залацісты саламяны “павук”, заўжды будзе панаваць згода, лад і дабрабыт. Акрамя таго, павольныя рухі павука– не што іное, як сапраўдная псыхалягічная разгрузка і магчымасць супакоіць нэрвы.

Ідэя праекта: прыцягненне ўвагі грамадскасці да сваіх вытокаў, кансалідацыя супольнасці і адраджэнне такога паняцця, як” талака”, імправізацыя з колерам, імправізацыя з матэрыялам.

Аснова для павука будзе створаная на аграсядзібе “Стулы” на ўскарайку Белавежскай пушчы, а пад час фестывалю павук будзе знаходзіцца пад адкрытым небам у дворыку па адрасе: вул.Герцэна,1. Каб павук вытрымаў знаходжанне пад адкрытым небам, замест натуральнай саломкі будуць выкарыстоўваць ўжываныя пластыкавыя трубачкі для кактэйляў.
На працягу тыдня наведвальнікі фестываля могуць зрабіць свой імянны модуль, які будзе прымацаваны да агульнай канструкцыі.

Шукаюцца валанцёры, якія захочуць стаць куратарамі павука, навучаць ахвотных складаць модулі і прымацоўваць іх да агульнай канструкцыі. Тэрмін валанцёрства – ад паловы дня і больш.

Таксама запрашаюцца музыкі, якія маглі б паграць, паспяваць ці нават патанчыць у дворыку каля інсталяцыі. 

Калі: 1-10 траўня 2019

Дзе: Мінск, вул.Герцэна,1

Каб далучыцца да каманды валанцёраў, неабходна напісаць паведамленне Ларысе, куратарке інсталяцыі.