Варкшоп, які навучыць, дзе шукаць фінансаванне для сваіх фільмаў (і не толькі)

15-16 снежня у межах адукацыйнай платформы “Паўночнае ззянне DOC HUB” адбудзецца варшкоп для беларускіх дакументалістаў “Першая дапамога для дакументальнага кіно: пітчынгі, фонды, грошы”.

Цягам двух дзён удзельнікі варкшопу даведаюцца пра асаблівасці пабудовы ўдалага пітчынгу, фестывальную стратэгію і крыніцы фінансавання дакументальнага кіно, а таксама прадставяць свае праекты ментарам – прафесіяналам індустрыі кіно. Найлепшы праект атрымае спецыяльны прыз – акрэдытацыю і паездку на фестываль DocPoint Tallinn 2018.

Аўтары дакументальных праектаў любой стадыі распрацоўкі (development, production, post-production) і любой працягласці (кароткі і поўны метр) могуць падаць заяўку. Удзел у мерапрыемстве бясплатны, але колькасць месцаў абмежаваная.

Расклад

У пятніцу, 15 снежня, у галерэі “Арт-Беларусь” (вул. Казлова 3) з 15:00 да 19:00 пачнецца тэарэтычны дзень, у межах якога запланаваныя лекцыі:

  • “Як фінансаваць фільм” – распавядае Эва Брадзджанітэ, Літоўскі прадстаўнік Creative Europe MEDIA, якая падтрымлівае еўрапейскія праекты ў галіне аўдыявізуальнай культуры;
  • “Кейс-стадзі фільма Віталя Манскага  “Родныя” – Гунціс Трэктэрыс, латвійскі прадзюсар 26 дакументальных стужак, распавядзе пра фестывальную стратэгію і прасоўванне фільма;
  • “Уводзіны ў тэхніку пітчу” – Сесілія Лідзін, упаўнаважаная па дакументальным кіно Дацкага інстытута кіно, якая мае больш за 20 гадоў досведу ў фінансаванні і вытворчасці дакументальных стужак.

Таксама ў першы дзень аўтары праектаў запітчаць свае праекты перад ментарамі варкшопу і аўдыторыяй.

Субота, 16 снежня, пачнецца з лекцыі Сесіліі Лідзін пра магчымасці капрадукцыі ў краінах Паўночнай Еўропы. Астатні час прысвечаны індывідуальнай працы: лектары дадуць парады па кожным праекце, ацэняць іх маркетынгавы патэнцыял, распавядуць пра тэхнікі пітчынгу. Напрыканцы дня адбудзецца паўторны пітчынг, у выніку якога будзе вызначаны найлепшы праект (пітч). Пераможца атрымае прыз: акрэдытацыю і паездку на 2-3 дні на кінафестываль DocPoint Tallinn у студзені 2018 года.

Для ўдзелу ў варкшопе неабходна запоўніць анкету да 5 снежня (ўключна). Для зацікаўленай аўдыторыі і фільммэйкераў, якія пакуль не маюць праектаў, прадугледжана магчымасць прысутнічаць на мерапрыемстве ў якасці слухача. Рэгістрацыя – па спасылцы.

Працоўная мова варкшопу – ангельская (з перакладам на беларускую). Пітчыць праекты неабходна на ангельскай мове.