“Варушы мазгамі хутка!” Адукацыйны курс ад БАЖ

Беларуская асацыяцыя журналістаў запрашае на бясплатны адукацыйны курс для жадаючых навучыцца пісаць аналітычныя тэксты для вэб-рэсурсаў «Варушы мазгамі хутка!» Аналітычная журналістыка ў сеціўную эпоху». Галоўны акцэнт курса — як пісаць аналітыку для вэб-рэсурсаў. Што азначае — пісаць хутка, але разам з тым глыбока і без ляпаў.

На курсе вы навучыцеся:

  • знаходзіць тэму, фармуляваць праблему, выбудоўваць канцэпцыю матэрыялу;
  • абіраць той ці іншы жанр для найлепшага раскрыцця тэмы;
  • пісьменна працаваць з фактурай, экспертамі;
  • пераканаўча аргументаваць сваю пазіцыю;
  • раскусваць хітрыкі прапаганды, выкрываць фэйкі;
  • спалучаць аўтарскае «я» з рознабаковым асвятленнем праблемы;
  • трымаць фармат і пры гэтым пісаць выразна, цікава;
  • будаваць матэрыялы з улікам спецыфікі інтэрнэту, раскручваць сваю творчасць у сацыяльных сетках;
  • абыходзіць пасткі заканадаўства аб СМІ, трымацца прафесійнай этыкі.

Заняткі будуць ладзіцца ў рэжыме інтэрактыву, з акцэнтам на практыку. Вы будзеце не толькі слухаць, але і выконваць творчыя заданні, спаборнічаць.

Асноўны трэнер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Аляксандр Класкоўскі. Майстар-класы ў межах курса правядуць таксама палітолаг Валер Карбалевіч, аналітык «Либерального клуба» Вадзім Мажэйка, SMM-рэдактар «Зялёнага партала» Антон Сурапін.

Да ўдзелу запрашаюцца журналісты з Мінска і рэгіёнаў, студэнты факультэтаў журналістыкі.

У межах курса у Мінску па суботах пройдуць 7 заняткаў.  Лепшыя з удзельнікаў пасля заканчэння курса змогуць патрапіць на майстар-клас замежнага трэнера ў Вільню.

Удзел у курсе бясплатны, але колькасць удзельнікаў абмежаваная.

Калі: 15 верасня — 27 кастрычніка

Дзе: Мінск, Вільня

Падаць заяўку на ўдзел можна да 10 верасня, 23:59